Артыкулы: Кацярына Ягелонка
Кацярына Ягелонка (1.11.1526, г. Кракаў—16.9.1583), княгіня фінляндская, каралева шведская, жонка Яна Вазы. Малодшая дачка караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта І Старога і Боны Сфорца. У 1528—29 разам з сям’ёй жыла ў ВКЛ. У 1548 прускі герцаг Альбрэхт прапаноўваў у якасці мужа для К. гальшцінскага герцага Адольфа, пасля прасіў даць К. яму ў жонкі, аднак Ягелоны не пайшлі на заключэнне саюзу з лютэранінам. У 1555—56 пра шлюб з К. беспаспяхова стараўся Ферантэ Ганзага, граф Гуастала. У 1557 Жыгімонт ІІ Аўгуст забраў К. на свой двор у Вільню, дзе яна правяла 5 гадоў. Восенню 1560 руку К. прасіў цар Іван Грозны, аднак Жыгімонт ІІ Аўгуст, апасаючыся прэтэнзій цара на польскі трон, адмовіў яму. З 1550-х гадоў разглядалася магчымасць выдання К. замуж за шведскага прынца, што павінна было ўмацаваць саюз абедзвюх дзяржаў і садзейнічаць вырашэнню інфлянцкага пытання. У 1561 шведскі кароль Эрык ХIV прапанаваў заключыць шлюб паміж сваім братам, князем фінляндскім Янам і якой-небудзь польскай каралеўнай. Сам Ян зрабіў выбар на карысць К. Тым часам Эрык XIV вырашаў прэтэндаваць на Інфлянты, якія ўжо ўвайшлі ў склад дзяржавы Жыгімонта Аўгуста, пагэтаму страціў цікавасць да шлюбу Яна з К. Жыгімонт Аўгуст, аднак, спадзяваўся на саюз з Янам як супрацьвагу Эрыку XIV, а Ян разлічваў на падтрымку Жыгімонта Аўгуста ў барацьбе за незалежнасць свайго княства. У 1562 Ян прыбыў у Вільню, 4 кастр. шлюб быў заключаны. Пасаг К. складаў 32 тыс. талераў (ніколі не былі выплачаны), яна атрымала ад мужа ў якасці забеспячэння замак Гелм, Аландскія астравы, г. Рома. Праз Рыгу сужонкі прыбылі ў Фінляндыю, дзе ўладкавалі рэзідэнцыю ў Аба (Турку). У 1563 Ян быў абвінавачаны Эрыкам XIV у дзярж. здрадзе, Аба быў захоплены пасля цяжкай аблогі, Ян і К. арыштаваны і правялі 4 гады ў зняволенні ў замку Грыпсголм, дзе ў іх нарадзіўся сын Жыгімонт (будучы кароль польскі і вял. князь літоўскі Жыгімонт ІІІ). У 1567 Ян і К. былі вызвалены, але Эрык XIV абяцаў выдаць К. ў рукі Івана Грознага, які не адмовіўся ад плану заключыць шлюб з К. У 1568 Ян узначаліў дзярж. пераварот, у выніку якога Эрык XIV быў скінуты, у 1569 каранаваўся як шведскі кароль. Была карнавана таксама К., але не змяніла свайго вепавызнання і засталася каталічкай. Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста (1572), відаць, па ініцыятыве К. Ян выстаўляў сваю кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай у 1572 і 1573. К. мела спаведнікаў-місіянераў езуітаў Яна Гербста (1572), Станіслава Варшэвіцкага (1574), прымала афіцыйнага прадстаўніка Рыма Антоніа Пасевіна (1578—79, 1579—90), аднак планы Рыма навярнуць Швецыю ў каталіцтва не спраўдзіліся. К. выхавала католікам свайго сына Жыгімонта, які, як меркавалася, можа стаць каралём не толькі шведскім, але і польскім. Дзякуючы К. у Швецыі пашыралася рэнесансная культура. Пахавана ў Упсале.
Літаратура:
Törne P.O. von. Katarzyna Jagiellonka // Przegląd Współczesny. 1938. T. 65;
Wdowiczewski Z. Genealogia Jagiellonów. Warszawa, 1968.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


