Артыкулы: Кацярына Габсбург
Кацярына Габсбург (15 або 25.9.1533, г. Вена або Інсбрук—28 або 29.2.1572), каралева польская і вялікая княгіня літоўская, 3-я жонка Жыгімонта ІІ Аўгуста. Дачка імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фердынанда І і Ганны Ягелонкі (дачкі чэшскага і венгерскага караля Уладзіслава ІІ), сястра 1-й жонкі Жыгімонта Аўгуста Эльжбеты. У 1549 выдадзена замуж за мантуанскага герцага, манферацкага маркграфа Фраціска ІІІ Ганзага, у наступным годзе аўдавела. У 1552 Габсбургі прапаноўвалі планы шлюбу К. і Жыгімонта Аўгуста, што падтрымаў віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны, каб далучыць Габсбургаў да барацьбы з Маскоўскай дзяржавай. У 1553 Жыгімонт Аўгуст паслаў Радзівіла з місіяй да Фердынанда І і запрасіў думку сената наконт магчымага шлюбу. Той выказаўся станоўча. Рымскі папа Юлій ІІІ дазволіў гэты шлюб. Ён быў заключаны ў Вене (асобу караля прадстаўляў Радзівіл), потым у Кракаве 30.7.1553, каранацыя К. адбылася 31.7.1553. У 1554—63 (з перапынкамі) К. жыла з мужам у Вільні. Перапісвалася з прускім герцагам Альбрэхтам, інтарэсы якога бараніла на двары Габсбургаў, імкнулася паўплываць на мужа такім чынам, каб забяспечыць уваход Венгрыі пад панаванне Габсбургаў. К. не мела дзяцей, што садзейнічала пагаршэнню яе адносін з Жыгімонтам Аўгустам. З 1563 жыла асобна ў Радаме, у 1566 з’ехала на радзіму, аднак намаганні Жыгімонта Аўгуста атрымаць афіцыйны развод не далі плёну. Памерла ў Лінцы.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


