Артыкулы: Кацярына Апалінская

Кацярына Апалінская (5.11.1680, г. Познань—19.3.1747), каралева польская, вялікая княгіня літоўская, жонка Станіслава Ляшчынскага. Дачка магната Яна Караля Апалінскага, кашталяна пазнанскага. Выйшла замуж за Ляшчынскага (на той час падчашага кароннага) у 1698, прынесла яму ў пасаг каля 60 гарадоў і 150 вёсак. У час паўночнай вайны 1700—21 у 1704 у Варшаве, калі пры падтрымцы шведскіх войск Станіслаў Ляшчынскі быў выбраны на трон Рэчы Паспалітай, К. стала каралевай і вял. княгіняй. У 1704 пад пагрозай наступлення саксонскіх войск Аўгуста ІІ разам з мужам К. выехала ў Прускае герцагства. 4.10.1705 каранавана з мужам у Варшаве. З-за ваенных дзеянняў часта пераезджала разам з мужам, гал.ч. па Вял. Польшчы і Памор’і. Пасля адрачэння Аўгуста ІІ ад кароны Рэчы Паспалітай (1706) Ляшчынскі і К. прызнаны еўрапейскімі дварамі паўнапраўнымі манархамі, аднак унутраны супраціў Ляшчынскаму працягваўся, таму ў 1708 К. выехала ў шведскі Шчэцін. Пасля Палтаўскай бітвы 1709 і вяртання на трон Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ Станіслаў Ляшчынскі быў вымушаны эмігрыраваць, але не адрокся ад трона. Атрымаў у падарунак ад шведскага караля Карла ХІІ княства Цвайбрукен над Рэйнам, пасля з сям’ёй пераехаў у Францыю. Тут каралеўская пара выдала дачку Марыю (нарадзілася ў 1703) замуж за французскага караля Людовіка ХV. У час бескаралеўя 1733, калі Станіслаў Ляшчынскі зноў абраны каралём польскім і вял. князем літоўскім, К. засталася ў Францыі. У 1736 Ляшчынскі афіцыйна адрокся ад трона Рэчы Паспалітай, ад зяця атрымаў Латарынгскае княства, дзе жыла і К.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.