Артыкулы: Кейданская друкарня
Кейданская друкарня. Дзейнічала прыкладна ў 1651—53 ў г. Кейданы пры Кейданскай гімназіі. Узначальваць друкарню быў запрошаны ў 1651 Іахім Георгій Рэтэ, сын вядомага гданьскага друкара Г.Рэтэ. Адзіная дакладна вядомая кніга друкарні — канцыянал і малітоўнік на літ. мове «Кніга набажэнства хрысціянскага ў гонар адзінай Святой Тройцы» («KnigaNobaznistesKrikscioniszkosAntGarbosDiewnyTrayceySzwentoyWienatijam», 1653). Складаецца з некалькіх частак: песні і псалмы Я.Каханоўскага, перакладзеныя з польскай мовы кейданскім бурмістрам Стафанам Цялегаю; нядзельныя евангельскія чытанні з тлумачэннямі, якія ўзыходзяць да «Пасцілы» Грыгорыя з Жарноўца; «Гісторыя пра муку і смерць Пана Ісуса»; «Малітвы набожныя»; «Малы катэхізіс». Часткі кнігі мелі ўласныя тытульныя лісты і пагінацыю, распаўсюджваліся і самастойна. Выданне было прысвечана Янушу Радзівілу і мела прадмову на польскай мове. Кнігу склалі вядомыя дзеячы кальвінісцкай царквы суперінтэндант Самуэль Мінвід і кансеньёр Ян Бажымоўскі. Відаць, К.д. друкавала падручнікі для Кейданскай гімназіі і дакументы радзівілаўскай адміністрацыі, так, упамінаецца кніга «Пункты гораду Кейданскаму...» («Punkta Miastu Kiejdańskiemu od Wojewody Wileńskiego Het. Pol. W.X.Lit. postanowione i podane», 1653). Прыкладна ў гэты час выйшла кніга пастара Яна Дамініка «Дыспут па этыцы». Відаць, друкарня заняпала пасля смерці Радзівіла (1655). Гісторык Ю.Лукашэвіч меркаваў, што К.д. друкавала кнігі і па заказу Л.К.Радзівіл, але яны не вядомы. Пазней друкарскае абсталяванне перавезена ў Мітаву, адтуль у 1672 — у Слуцк.
Літаратура:
Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wielkie Księstwo Litewskie. Wrocław; Kraków, 1959.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


