Артыкулы: Кейданы
Кейданы (літ. Кедайняй, Kėdainiai, цяпер горад, цэнтр Кедайняйскага р-на, Літоўская Рэспубліка), горад у Жамойці, часткова ў Ковенскім і Упіцкім пав., на р. Нявежыс. Упершыню ўпамінаецца пад 1372 у хроніцы Германа з Вартберга. Паміж 1440 і 1447 вял. князь літоўскі Казімір падараваў К. Радзівілу Осцікавічу. У 1482 упершыню названы горадам. Знаходзіліся ва ўладанні ганязска-райгарадоцкай лініі Радзівілаў да сярэдзіны 16 ст., калі ў выніку шлюбных адносін перайшлі ў род Кішкаў; з пач. 17 ст. (канчаткова з 1615) зноў ва ўладанні Радзівілаў (біржанска-дубінкаўскай, пратэстанцкай лініі). У канцы 15—пач. 16 ст. пабудаваны Кейданскі Георгіеўскі касцёл. У 1517 упамінаецца царква св. Юрыя (магчыма, гэта быў касцёл). У 1520 у К. 145 дамоў, каля 870 жыхароў, у 1526 — 174 дамы, каля 1050 жыхароў. У 1588 атрымалі прывілей на гандаль, 15.4.1590 — магдэбургскае права і герб (падкова з 3 крыжыкамі на ёй, унутры — 2 ласосі). У 1604 у горадзе 6 вуліц, 2 рыначныя плошчы, 348 дамоў, каля 2090 жыхароў. Пры князях К.Радзівіле і яго сыне Я.Радзівіле К. знаходзіліся ў росквіце. Горад стаў важным цэнтрам рамяства, гандлю і культуры. Тут дзейнічалі 10 рамесных цэхаў, якія аб’ядноўвалі каля 300 рамеснікаў. У горадзе асела шмат выхадцаў з Германіі, Галандыі, Шатландыі (шкотаў). У 1-й пал. 17 ст. ўзнік раён (пасля асобны горад) Янушаў, які часам называўся Новыя К. ў супрацьпастаўленні Старым К. У 1627 К. атрымалі новы герб: чорнае крыло арла ў залатым полі, з якога выходзіць лапа, што трымае падковы з 3 маленькімі крыжыкамі на ёй у блакітным полі. У 1624 — 401 дом. У 1623—71 працавала паперня. У 1629 заснаваны Кейданскі кальвінскі збор і адчынена Кейданская гімназія. Пры ёй прыкладна ў 1651—53 дзейнічала Кейданская друкарня. У 1652 пабудавана драўляная правасл. Праабражэнская царква, у 1654 — мураваная ратуша. У 1655 у горадзе 6 рыначных плошчаў, каля 500 дамоў, больш за 4 тыс. жыхароў, дзейнічалі 2 кальвінскія зборы (у адным служба вялася на літ. мове, у другім — па-польску і па-шатландску), лютэранскі збор, царква, касцёл, сінагога. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 тут прынята Кейданская дэкларацыя 1655, заключана Кейданская унія 1655. У 1655 горад разбураны шведамі і ў былым значэнні не адрадзіўся. У 1684 згарэла 100 дамоў, гімназія з бібліятэкай. На мяжы 17—18 ст. у К. адбываліся сіноды кальвіністаў, у 1778 і 1781 — аб’яднаныя сіноды кальвіністаў і лютэран. У час Паўночнай вайны 1700—21 у 1701 і 1704 К. разбураны шведамі. Каля 1704 у горадзе заснаваны кляштар кармелітаў абутых з драўляным касцёлам св. Юзафа, каля 1725 — місія езуітаў. З 1731 горад належаў Радзівілам нясвіжскай, каталіцкай лініі. У 1765 у К. каля 300 дамоў, больш за 1800 жыхароў, дзейнічалі 16 рамесных цэхаў. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.
Літаратура:
Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 7, 8. Вильна, 1870;
Пташкин И. Местечко Кейданы: (Опыт историко-экономического описания). Ковно, 1899;
Šlubunas P. Kedainių miestų istorija. Kedainiai, 1928;
Trečiakauskas K. Kėdainiai. Vilnius, 1974;
Miškinis A., Grinevičius H. Kėdainių urbanistinė raida // Architektūros paminklai. Vilnius, 1975. T. 3;
Malczewska M. Latyfundium Radziwiłłów w XV do połowy XVI wieku. Warszawa; Poznań, 1985. S. 103—105;
Lietuvos magdeburginių miestų privilegijos ir aktai. T. 3. Kėdainiai / Sudarė A.Tyla. Vilnius, 2002;
Žirgulis R. Three hundred years of multiculturalismin Kėdainai: A case study // The peoples of the Grand Duchy of Lithuania. Vilnius, 2002;
Juknevičius A. The Sources of Kėdainiai Town // Archaeologia baltica. Vilnius, 2002. Vol. 5.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


