Артыкулы: Кельмаўскі палац

Кельмаўскі палац, сядзіба Гружэўскіх у Кельмах. Пабудаваны ў канцы 16—пач. 17 ст. Перабудаваны ў 1780, пасля чаго набыў выгляд познабарокавага, блізкага да квадрату будынка. Таўшчыня сцен каля 0,75 м, узведзены з цэглы і каменю. Быў двухпавярховым, на высокіх сутарэннях. Гал. фасад 11-восевы, у цэнтры 3-восевы рызаліт, завершаны высокім барокавым франтонам. Да гал. дзвярэй вялі мураваныя прыступкі. Пакояў было адносна мала, але яны вызначаліся велічынёй. У цэнтры знаходзіліся сенцы, з якіх направа вёў уваход у невял. пакой, а пасля — у кабінет і нарожны скарбчык. Сярэдзіну правага боку займала вял. спальня. У левы бок з сенцаў можна было трапіць на лесвічную клетку, потым — у вял. сталовую. З сенцаў прама вёў праход у самую вял. комнату — квадратны салон. З правага боку да яго далучалася спальня, з левага — бібліятэка (пры спальні быў невял. алькеж, а пры бібліятэцы — буфет). На 2-м паверху знаходзіліся 5 пакояў для гасцей. З заду была ўладкавана тэраса. Будынак быў накрыты вельмі высокім ламаным, трохі выгнутым дахам. Знешне будынак быў амаль не дэкарыраваны, упрыгожанні інтэр’ераў да 20 ст. не захаваліся. У палацы зберагаліся багатыя нумізматычныя і кніжныя зборы, родавыя партрэты Гружэўскіх. Каля палаца быў пабудаваны невял. квадраты ў плане будынак, які ў 1-м паверху меў праезд-браму, на 2-м — бібліятэчную залу; накрыты 4-схільным дахам. Будынак аздоблены гзымсамі, складанымі абрамленнямі вокнаў. Каля будынкаў быў разбіты вял. парк. Палац у 1892 перабудаваны і пашыраны, у пач. 21 ст. рэстаўраваны, у ім размешчаны краязнаўчы музей.

Літаратура:

Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. T. 3. Wrocław; Warszawa; Kraków, 1992. S. 234—237;

Lietuvos architektūros istorija. Т. 2. Vilnius, 1994. Р. 176—177.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.