Артыкулы: Кіева абарона 1482

Кіева абарона 1482. Вялася войскамі ВКЛ на чале з кіеўскім ваяводам Іванам Хадкевічам супраць крымскіх татараў на чале з ханам Менглі-Гірэем. Вясной 1482 вял. князь маскоўскі Іван ІІІ, запэўніваючы крымскага хана Менглі-Гірэя, што не адпусціць з Маскоўскай дзяржавы Нур-Даўлета (брат Менглі-Гірэя, які прэтэндаваў на ханскі трон), вымагаў ад Менглі-Гірэю напасці на ВКЛ (на Падолле або Кіеўшчыну). Паход крымцаў пачаўся ў канцы лета 1482 і насіў спусташальны характар. 1 вер. яны падступілі да Кіева і падпалілі пасады. Кіеўскі ваявода Іван Хадкевіч загадзя атрымаў звесткі пра напад і падрыхтаваў Кіеўскі замак да абароны, але не здолеў яго ўтрымаць. Шмат кіеўлян трапіла ў палон, у т.л. Хадкевіч з сям’ёй (сам з дачкой там памёр, яго жонку з сынам выкупілі). Татары абрабавалі кіеўскія аколіцы і горад, цэрквы. З дабычы Менглі-Гірэй паслаў у падарунак Івану ІІІ залатую чашу і дыскас з Кіеўскага Сафійскага сабора. Для адбудовы Кіева вял. князь літоўскі Казімір IV мабілізаваў будаўнікоў з усёй Беларусі (20 тыс. чал.), сюды было паслана 40-тысячнае войска, аднак урэшце ўрад ВКЛ вырашыў стаць на шлях задобравання крымскага хана, апасаючыся сумеснага нападу Крыма і Масквы.

Літаратура:

Клепатский П.Г. Очерки по истории Киевской земли. Т. 1. Литовский период. Одесса, 1912;

Грушевський М. Історія України-Руси. Т. 4. Київ, 1993. С. 326—327;

Русина О.В. Україна під татарами і Литвою. Київ, 1998. С. 144—146.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.