Артыкулы: Кіева-Пячэрская лаўра
Кіева-Пячэрская лаўра, адзін з галоўных манастыроў праваслаўнай царквы Старажытнай Русі, ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Заснаваны ў 1051 пры вялікім кіеўскім князю Яраславе Мудрым манахам Антоніем. З 12 ст. манастыр меў статус лаўры — гал. манастыра. Была цэнтрам летапісання, духоўнага жыцця Кіеўскай Русі. У лаўры былі ўладкаваны Бліжнія і Дальнія пячэры, пабудавана некалькі мураваных цэркваў. У 1240 лаўра разрабавана мангольскім войскам. У 14 ст. зноў дзейнічала. Калятарамі лаўры былі вялікія князі літоўскія. Была месцам пахавання прадстаўнікоў значных шляхецкіх і княжацкіх родаў ВКЛ. У 1470 кіеўскі князь Сімеон Алелькавіч аднавіў і ўпрыгожыў галоўную царкву лаўры — Успенскую. 14.6.1481 канстанцінопальскі патрыярх Максім выдаў грамату на наданне лаўры права стаўрапігіі — яе падначаленне напрамую патрыярху, абмінаючы кіеўскага мітрапаліта. У 1483 крымскія татары на чале з ханам Менглі-Гірэем разбурылі і разрабавалі лаўру, аднак дзякуючы ахвяраванням яна хутка аднавілася. Лаўра аказвала дапамогу інш. манастырам ВКЛ. Манахі з К.-П.л. па запрашэнні новагародскага ваяводы і маршалка ВКЛ А.І.Хадкевіча (гл. ў арт. Хадкевічы) заснавалі ў 1498 манастыр у Гарадку-на-Супраслі (гл. Супрасльскі Дабравешчанскі манастыр). 4.7.1522 вял. князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Стары выдаў лаўры важны прывілей, згодна з якім кіеўскаму ваяводзе і інш. велікакняжацкім ураднікам забаронена ўмешвацца ў справы лаўры, яна звольнена ад стацыі і падвод паслам, якія праязджалі праз Кіеў, архімандрыты лаўры выбіраліся самімі манахамі, а таксама князямі і шляхтай Кіеўскай зямлі з пазнейшым зацвярджэннем вял. князем. Прывілей пацверджаны 15.5.1550 і 29.5.1570 вял. князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам Аўгустам, 28.7.1578 — Стафанам Баторыем. Аднак вял. кянзі часта прызначалі архімандрытаў уласнай воляй, звычайна пад ціскам свецкіх сенатараў. Так, у 1546 Жыгімонт Аўгуст прызначыў пячэрскім архімандрытам святара Пакроўскай царквы ў Вільні Івана Мацвеевіча, які прыняў манаскае імя Іларыён (гэта адбылося па прапанове віленскага ваяводы Яна Глябовіча). 15.8.1551 Жыгімонт Аўгуст надаў лаўры ўстаў для ўрэгулявання яе ўнутранага жыцця. У 1555—56 Успенская царква лаўры зноў адрамантавана і ўпрыгожана. У 1572 (у час бескаралеўя) манахі лаўры абралі архімандрытам Мялеція Храптовіча-Багурынскага, які быў зацверджаны Генрыкам Валезы. Мясцовая шляхта абрала архімандрытам манаха Сільвестра Іерусалімскага, з якім Мялецію прыйшлося весці працяглае змаганне, што завяршылася пацвярджэннем Стафана Баторыя права Мялеція на архімандрыю. У 1592 Мялецій паўторна дамогся для лаўры ў канстанцінопальскага патрыярха права стаўрапігіі. З 1580 Мялецій быў і епіскапам уладзімірска-берасцейскім, памёр у 1593. Новым архімандрытам манахі абралі аканома лаўры Нікіфара Тура, што было зацверджана каралём Жыгімотам ІІІ. Тур уступіў у востры канфлікт з кіеўскім мітрапалітам Міхаілам Рагозам, які жадаў падпарадкаваць лаўру сабе. У ходзе заключэння царкоўнай уніі 4.3.1596 рымскі папа Клімент VІІІ злучыў пасаду пячэрскага мітрапаліта з годнасцю кіеўскага мітрапаліта. У час правядзення Берасцейскага сабора 1596 Рагоза выдаў грамату аб пазбаўленні Тура годнасці архімандрыта за непрыняцце уніі. Гэта было пацверджана каралём і задворным асэсарскім судом, але Тур, не прыняўшы уніі, фактычна застаўся архімандрытам, абапіраючыся на падтрымку праваслаўнага насельніцтва Кіеўшчыны. Рагоза здолеў толькі захапіць некаторыя вёскі лаўры на тэрыторыі ВКЛ (у канцы 16 ст. К.п.л. належалі гарады Радамысль і Васількаў, каля 50 вёсак на Украіне і ў Беларусі з мядовай і грашовай данінай, бабровымі гонямі, рыбнымі ловамі, перавозамі, млынамі). Лаўра стала адным з апірышчаў праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1599 архімандрытам абраны Елісей Плецянецкі (вымушана зацверджаны каралём Жыгімонтам ІІІ у 1605), які прыклаў шмат намаганняў для абароны маёмасных інтарэсаў лаўры ад прэтэнзій уніятаў і католікаў. У 1620 дамогся ад канстанцінопальскага патрыярха Феафана пацвярджэння права лаўры на стаўрапігію, увёў тут агульжыційны статут, заснаваў у лаўры школу і друкарню (1615), запрасіў у лаўру вядомых інтэлектуалаў (Захарыя Капысценскага, Памву Бярынду, Тарасія Земку, Лаўрэнція Зізанія і інш.). Выданні лаўры атрымалі шырокае распаўсюджане ў Рэчы Паспалітай. На некаторы час даў у лаўры прытулак збегламу манаху Рагору Атрэпьеву (Ілжэдзмітрыю І). Архімандрыт (пасля мітрапаліт) Пётр Магіла заснаваў тут вучылішча (1631), якое атрымала назву Кіева-Магілянскі калегіум (пазней акадэмія). У час казацкіх войнаў сярэдзіны 17 ст. лаўра шмат пацярпела. Кіеўскі мітрапаліт Сільвестр Косаў і архімандрыт лаўры Іосіф Трызна (1647—55) адмоўна ставіліся да далучэння Украіны да Расіі, але пад ціскам казацтва ў 1654 правялі ва Успенскім саборы лаўры акт прысягі кіяўлян на вернасць цару. Згодна з умовамі Андросаўскага перамір’я 1667 Кіеў застаўся пад уладай Расіі. З 1688 лаўра — стаўрапігія маскоўскага патрыярха, у 1786 манастыр афіцыйна атрымаў статус лаўры, якая падначалена кіеўскаму мітрапаліту (ён быў яе архімандрытам). У 17 ст. казацкі гетман Самайловіч умацаваў лаўру земляным валам, а Іван Мазепа — мураванай сцяной. Пётр І збудаваў вакол лаўры сістэму бастыённых умацаванняў. У 1718 лаўра пацярпела ад пажара, згарэлі друкарня, архіў, бібліятэка і інш. Нягледзячы на тое, што з 2-й пал. 17 ст. К.-П.л. падпарадкоўвалася маскоўскім свецкім і духоўным уладам, у Рэчы Паспалітай яна захоўвала вял. духоўны аўтарытэт.
Літаратура:
Голубев С.Т. Древний помянник Киево-Печерской лавры (конца XV и начала XVI столетия) // Чтения в историческом обществе Нестора летописца. Киев, 1892. Кн. 6;
Степовик Д. Історія Києво-Печерськоїлаври. Киïв, 2001;
Каштанов С.М. О взаимоотношениях Киево-Печерского монастыря с правительством Ивана IV в 1583 г. // Исторический архив. 2002. № 4;
Яго ж. О взаимоотношениях Киево-Печерского монастыря с правительством царя Фёдора Ивановича в 1585 г. // Там жа. 2005. № 1;
Kempa T. Rywalizacja o Lawrę Peczerską w Kijowie między prawosławnymi a unitami w końcu XVI i na początku XVII wieku // Przegląd Wschodni. 2003. T. 8. Z. 4;
Жиленко І.В. Святиня: Історія Києво-Печерської лаври ХІ—XVII століть. Киïв, 2005;
Кагамлик С.Р. Києво-Печерська Лавра: світ православної духовності і культури (ХVІІ—ХVIII ст.). Киïв, 2005.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


