Артыкулы: Кіеўская грэка-каталіцкая мітраполія
Кіеўская грэка-каталіцкая мітраполія, адм.-тэр. адзінка грэка-каталіцкай царквы. Утворана на аснове Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі ў выніку заключэння Берасцейскай уніі 1596, калі правасл. мітрапаліт кіеўскі Міхаіл Рагоза і епіскапат Рэчы Паспалітай (акрамя 2 епіскапаў) прызналі вяршэнства рымскага папы. Юрыдычна ахоплівала ўсе былыя правасл. землі Рэчы Паспалітай. Узначальвалася мітрапалітам (меў тытул мітрапаліта кіеўскага, галіцкага і ўсяе Русі), які пасля яго абрання або прызначэння каралём зацвярджаўся рымскім папам. У склад мітраполіі з 1596 уваходзілі епархіі: Кіеўская мітрапаліцкая, Уладзіміра-Берасцейская, Полацкая, Холмская, Пінская, пасля далучаны Смаленская (1612), Перамышльская (1692), Львоўская (1700), Луцкая (1702). У 1671 мітраполіі падпарадкавана каля 1600 цэркваў у Венгрыі і Трансільваніі, а таксама Мукачаўская епархія. Епіскапы зацвярджаліся мітрапалітам. Кафедра мітрапаліта знаходзілася ў Віленскім Прачысценскім саборы. У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) тэрыторыя К.г.-к.м. падзелена паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Скасавана Полацкім царк. саборам 1839.
Мітрапаліты кіеўскія, галіцкія і ўсяе Русі (да 1795): Міхаіл Рагоза (1596—99, у 1589—96 правасл. мітрапаліт), Іпацій Пацей (1599—1613), Іосіф Руцкі (1613—37), Рафаіл Корсак (1637—40), Антоній Сялява (1641—55), Гаўрыіл Календа (1665—74), Кіпрыян Жахоўскі (1674—93), Леў Заленскі (1694—1708), Юрый Вінніцкі (1710—13), Леў Кішка (1714—28), Афанасій Шаптыцкі (1729—46), Фларыян Грабніцкі (1748—62), Феліцыян Валадковіч (1762—78), Леў Шаптыцкі (1778—79), Ясон Смагаржэўскі (1780—88), Феадосій Растоцкі (1788—95).
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


