Артыкулы: Кіеўская праваслаўная мітраполія
Кіеўская праваслаўная мітраполія, адм.-тэр. адзінка праваслаўнай царквы. Утворана ў Кіеўскай Русі ў 990-х г. (да 997) як 60-я мітраполія Канстанцінопальскага патрыярхата. Кафедра мітрапалітаў — Кіеўская царква Багародзіцы (Дзесяцінная), з сярэдзіны 11 ст. — Кіеўскі Сафійскі сабор. Падзялялася на епархіі (17 у 2-й пал. 13 ст., у т.л. Полацкая, Тураўская, Смаленская, Уладзімірская, Галіцкая, Холмская, Чарнігаўская). У 11 ст. некаторы час існавалі Чарнігаўская і Пераяслаўская мітраполіі. На пасаду мітрапаліта сінод у Канстанцінопалі выбіраў 3 кандыдатаў, аднаго з якіх зацвярджаў патрыярх; некаторых кандыдатаў прапаноўвалі вял. кіеўскія князі і візантыйскія імператары. Мітрапаліты былі незалежнымі ад патрыярхаў у кіраванні мітраполіяй, але патрыярхі былі вышэйшай судовай інстанцыяй для духоўных судоў. Пасля разгрому Кіева манголамі ў сярэдзіне 13 ст. рэзідэнцыя кіеўскіх мітрапалітаў перанесена ва Уладзімір-на-Клязьме, у пач. 14 ст. — у Маскву. Гэта стала адной з прычын заснавання ў пач. 14 ст. падначаленых канстанцінопальскаму патрыярху Галіцкай мітраполіі і Літоўскай мітраполіі, якія ахоплівалі адпаведна Галіцка-Валынскае княства і ВКЛ. Кіеўскія (маскоўскія) мітрапаліты вялі барацьбу за скасаванне гэтых мітраполій і часам падпарадкоўвалі сваёй юрысдыкцыі ўсе землі былой Кіеўскай Русі, у т.л. ВКЛ. У 1350-х г. у Кіеве быў незалежны ад Канстанцінопаля і Масквы мітрапаліт Феадарыт. У 1354 канстанцінопальскі патрыярх пастанавіў, што кафедра кіеўскіх мітрапалітаў афіцыйна перанесена ва Уладзімір-на-Клязьме (ва Успенскі сабор), аднак мітрапалітам пакінуты ранейшы тытул. У 1392 прыняты тытул «мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі». Пасля заключэння Фларэнційскай уніі 1439 Кіеўскую мітраполію афіцыйна ўзначальвалі мітрапаліты-уніяты Ісідор і Грыгорый ІІ Балгарын, адначасова ў Маскоўскай дзяржаве быў абраны правасл. мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі Іона І. Паміж 1448—50 мітрапаліцкі тытул скарочаны («усея Русі»), але ў 1450—61 зноў поўны. Абраны ў Маскве ў 1461 мітрапаліт Феадосій меў царк. ўладу толькі ў Маскоўскай дзяржаве; з таго часу мітрапаліты маскоўскія мелі тытул «маскоўскі і ўсяе Русі». Кіеўскія мітрапаліты ў ВКЛ, што выбіраліся вял. князямі і зацвярджаліся канстанцінопальскімі патрыярхамі, працягвалі карыстацца тытулам «кіеўскі і ўсяе Русі» («кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі»), такім чынам з сярэдзіны 15 ст. К.п.м. ахоплівала толькі правасл. землі ВКЛ і Польскага каралеўства. Складалася з Полацкай, Пінскай, Смаленскай, Чарнігаўскай, Уладзімірскай, Луцкай, Холмскай, Перамышльскай, Галіцкай (з 1539 Львоўскай) епархій. Найбольшай была мітрапаліцкаяепархія, што знаходзілася пад непасрэднай юрысдыкцыяй мітрапаліта і ахоплівала Кіеўскае, Менскае, Новагародскае, Троцкае, Віленскае ваяв. і Жамойць. Кафедра мітрапалітаў знаходзілася ў Віленскім Прачысценскім саборы, рэзідэнцыі — у Новагародку і Вільні. Пасля заключэння Берасцейскай уніі 1596 мітрапаліт кіеўскі і большасць епіскапаў К.п.м. прынялі царк. унію (гл. Кіеўская грэка-каталіцкая мітраполія).
У 1620 іерусалімскі патрыярх Феафан ІІІ са згоды канстанцінопальскага патрыярха Цімафея ІІ і пры падтрымцы ўкр. казакоў аднавіў К.п.м. і пасвяціў правасл. мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Іова Барэцкага і некалькіх епіскапаў, што не было прызнана ўладамі Рэчы Паспалітай. К.п.м. ахапіла Полацкую, Пінскую, Смаленскую, Луцкую, Пераяслаўскую, Холмскую і Уладзімірскую епархіі. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай легалізавана ў 1632. Кароль Уладзіслаў IV прызначыў мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі Пятра ІІ Магілу, якому былі падначалены Магілёўская, Львоўская, Луцкая і Перамышльская епархіі. У 1650 адноўлена Чарнігаўская епархія. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 частка К.п.м. (Левабярэжная Украіна і Кіеў) адышла да Расіі. У 1685 правасл. мітрапалітам кіеўскім абраны Гедэон Чацвярцінскі (гл. ў арт. Чацвярцінскія), які прызнаў вяршэнства маскоўскага патрыярха Іаакіма і быў ім пасвячоны ў Маскве. З гэтага часу К.п.м. падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату, што прызнаў у 1686 канстанцінопальскі патрыярх. У 1688 царскім указам кіеўскаму мітрапаліту забаронена тытулавацца мітрапалітам «усяе Русі», ён стаў называцца мітрапалітам «кіеўскім, галіцкім і Малыя Расіі». У 1691 прыняў унію перамышльскі епіскап, у 1700 — львоўскі, у 1702 — луцкі, пасля гэтага праваслаўнай у Рэчы Паспалітай засталася толькі Магілёўская (Беларуская) епархія, што ахоплівала тэрыторыю б. Полацкай епархіі, астатнія землі Рэчы Паспалітай знаходзіліся пад непасрэднай юрысдыкцыяй кіеўскага мітрапаліта. У 1721 рас. імператар Пётр І скасаваў Маскоўскі патрыярхат, К.п.м. ператворана ў архіепархію на чале з архіепіскапам кіеўскім і галіцкім. У 1743 імператрыца Лізавета па просьбе архіепіскапа Рафаіла Забароўскага аднавіла К.п.м. У 1767 Кацярына ІІ забараніла мітрапаліту далучаць да свайго тытула словы «Малыя Расіі». З сярэдзіны 1780-х г. уладу над мітрапаліцкай епархіяй у ВКЛ ажыццяўляў Віктар Садкоўскі з тытулам епіскапа пераяслаўскага і барыспальскага і рэзідэнцыяй у Слуцку, аднак хутка ён быў зняволены па абвінавачванні ў здрадзе. Каб скасаваць залежнасць правасл. царквы Рэчы Паспалітай ад рас. урада, Пінская кангрэгацыя 1791 і Чатырохгадовы сойм 1788—92 прынялі рашэнні аб стварэнні ў межах Рэчы Паспалітай асобнай правасл. мітраполіі, падпарадкаванай канстанцінопальскаму патрыярху, аднак гэта не было рэалізавана з-за падзелаў Рэчы Паспалітай.
Мітрапаліты кіеўскія (сярэдзіна 13—канец 18 ст.): Кірыла ІІІ (да 1242—81), Максім (1283—1305), Пётр І (1308—26), Феагност (1328—53), Феадарыт (1352?—55?), Аляксей (1354—78), Кіпрыян (1375—80, 1389—1406), Пімен (1380—89), Дыянісій (1384—85), Фоцій (1408—31), Грыгорый І Цамблак (1415—19), Герасім (1432—35), Ісідор (1437—58, з 1439 уніят), Іона І (1448—61), Грыгорый ІІ Балгарын (1458—72 або 1473, да 1469 уніят), Місаіл І (Міхаіл І; 1475—80), Спірыдон (1475—82), Сімяон (1481—88), Іона ІІ Глезна (1489—94), Макарый І Чорт (1495—97), Іосіф І Балгарынавіч (1498—1501), Іона ІІІ (1503—07), Іосіф ІІ Солтан (1507—21 або 1522), Іосіф ІІІ (1522—34), Макарый ІІ (1534—56), Сільвестр І Бялькевіч (1556—67), Іона IV Пратасовіч-Астроўскі (1568—77), Ілья Куча (1577—79), Анісіфар Пятровіч-Дзевачка (1579—89), Міхаіл ІІ Рагоза (1589—99, з 1596 уніят), Іоў Барэцкі (1620—31), Ісая Капінскі (1631—40), Пётр ІІ Магіла (1632—47), Сільвестр ІІ Косаў (1647—57), Дыянісій Балабан (1657—63), Іосіф IV Нелюбовіч-Тукальскі (1664—76), Антоній Вінніцкі (1664—79), Гедэон Чацвярцінскі (1685—90), Варлаам І Ясінскі (1690—1707), Іаасаф Кракоўскі (1708—18), Варлаам ІІ Ванатовіч (1722—30, архіепіскап), Рафаіл Забароўскі (1731—47, да 1743 архіепіскап), Цімафей Шчарбацкі (1748—57), Арсеній Магілянскі (1757—70), Гаўрыіл Крамянецкі (1770—83), Самуіл Міслаўскі (1783—96).
Літаратура:
Чистович И.А. Очерк истории западно-русской церкви. Т. 1—2. СПб., 1882—84;
Пятницкий А. Очерк истории Киевской митрополии в период времен отдельного ея существования от митрополии Московской (1459—1686). Могилев, 1891;
Рыбинский В. Киевская митрополичья кафедра с половины XIII до конца XVI века // Тр. Киевской духовной академии. 1891. № 1, 4, 5;
Голубинский Е.Е. История русской церкви. Т. 1—2. М., 1900—11;
Титов Ф.И. Русская православная церковь в Польско-Литовском государстве в XVII—XVIII вв. Т. 1—3. Киев, 1905;
Chodynicki K. Kościoł prawosławny a Rzeczpospolita Polska: Zarys historyczny, 1370—1632. Warszawa, 1934;
Mironowicz A. Kościoł prawosławny w dziejach dawnej Rzeczypospolitej. Białystok, 2001.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


