Артыкулы: Кіеўскі Псалтыр

Кіеўскі Псалтыр, помнік украінскага кніжнага мастацтва 14 ст. Пергамінавы кодэкс, які змяшчае Псалтыр, а таксама 10 хвалебных песень і малітваў з інш. кніг Бібліі. Напісаны на 228 аркушах вял. уставам (пазней 4 аркушы заменены на папяровыя, дададзены 1 пергамінавы аркуш, зроблены прыпіскі). Вял. літары і асобныя часткі тэксту напісаны кінавар’ю, а загалоўкі — золатам. Упрыгожаны загалоўнай сюжэтна-арнаментальнай застаўкай з выявай дэісуса і 302 сюжэтнымі, партрэтнымі і сімвалічнымі мініяцюрамі ў неавізантыйскім стылі, размешчанымі на спец. шырокіх палях. Мініяцюры адметныя філігранным мадэліраваннем маленькіх фігурак людзей, якія дадзены ў падкрэслена падоўжаных прапорцыях, майстэрскай прамалёўкай дробных дэталей. Пратографам для К.П. паслужыў грэчаскі рукапіс 11—12 ст. У пасляслоўі кнігі адзначана, што яе скончыў пісаць у 6905 «ад стварэння свету» (1397) протадыякан Спірыдоній у Кіеве; імёны 2 мастакоў-мініяцюрыстаў не пазначаны. Заказчыкам К.П. быў смаленскі епіскап Міхаіл, які, відаць, і прывёз пратограф К.П. з Канстанцінопаля. У 1518 новы ўладальнік рукапісу падскарбі земскі ВКЛ Ян (Абрам) Езафовіч перадаў яго Віленскай Мікольскай (Перанясенскай) царкве (на 1-й старонцы кнігі была зроблена мініяцюра з яго гербам «Ляліва»). У 1-й пал. 19 ст. рукапісам валодаў М.К.Баброўскі. Зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў Пецярбургу. Фотавыданне К.П. ажыццёўлена ў 1978.

Літаратура:

Вздорнов Г. Исследование о Киевской Псалтыри. М., 1978;

Запаско Я.П. Пам’ятки книжкового мистецтва: Українська рукописна книга. Львів, 1995;

Жемайтис С.Г. К вопросу о происхождении и бытовании Киевской Псалтыри (1397—1518 гг.) // Хризограф. Выпуск 2. М.: СканРус, 2005.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.