Артыкулы: Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары
Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары, мужчынскі і жаночы кляштары ордэна цыстэрцыянцаў у в. Кімбараўка каля г. Мазыр (цяпер у межах горада). Мужчынскі кляштар знаходзіўся ва ўрочышчы Цёмная Даліна (лац. Vallis Umbrosa). Засн. каля 1711 мясцовай шляхтай (падчашы кіеўскі Зыгмунт Шукшта, Богушы і інш.), у 1713 Аўгуст ІІ падараваў яму 30 валок зямлі, у 1742 Аўгуст ІІІ — 20 валок. Значнымі фундатарамі кляштара былі паны Аскеркі: мазырскі маршалак Антоній (1716), яго сыны Рафал Алойзы (1740) і Казімір Мацей (1780, падараваў 100 валок). Мураваны касцёл Святога Крыжа асвячоны ў 1775. У цяперашні час у моцна пераробленым выглядзе выкарыстоўваецца як вытворчае памяшканне. Пры кляштары існавалі школа, бібліятэка. Жаночы кляштар знаходзіўся ва ўрочышчы Анёльская Даліна (лац. Vallis Angelica). Заснаваны, напэўна, па ініцыятыве прыёра мужчынскага кляштара цыстэрцыянцаў Бенядзікта Ружанскага. У 1729 стараста мерацкі Казімір Сапега ахвяраваў на гэта 30 тыс. злотых, пасля падкаморы дорпацкі Бандынэлі запісаў каля 30 тыс. злотых, падчашы кіеўскі Зыгмунт Шукшта — 30 тыс. злотых, і інш. У 1744 у кляштар прыехалі першыя манашкі. Быў збудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела. Гэта бесслупавы зальны храм, перакрыты крыжастымі скляпеннямі. Да асн. аб’ёму прымыкае роўная па шырыні 3-гранная апсіда, з паўн. боку па ўсёй яго даўжыні да касцёла прымыкае нешырокая прыбудова з арыгінальнымі валютападобнымі сценкамі. Паўн. і паўд. сцены на 2-м ярусе праразаюць па 4 паўкруглыя акны. Асн. эстэтычную нагрузку нясе выразны бязвежавы фасад, падзелены шырокімі пілястрамі на 3 вертыкальныя часткі. Бакавыя часткі ўпрыгожваюць нішы-табернакулы з ракавінападобнымі конхамі. Уваходны прытвор мае гранёную форму і нагадвае алтар. У пач. 19 ст. касцёл быў размаляваны. Пры кляштары дзейнічала школа для дзяўчат. Манастыр дзейнічаў да 1885, касцёл — да 1888. У канцы 19 ст. храм перароблены пад правасл. царкву, пасля рэстаўрацыі ў 1990-я г. дзейнічае як касцёл. Часткова захаваўся жылы корпус.
Літаратура:
Gozdawa [Giżycki] M. Kimbarówka // Kwartalnik litewski. 1910. Т. 4.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


