Артыкулы: Кірдзеі (Кірдзеі-Радзіваноўскія)

Кірдзеі, Кірдзеі-Радзіваноўскія, шляхецкі род герба «Бэлты». Родапачынальнік Кірдзей жыў на мяжы 16—17 ст., валодаў маёнткам Радзівонавічы ў Гарадзенскім пав. (адсюль падвойнае прозвішча яго нашчадкаў К.-Р.), у 1612 атрымаў маёнтак Пелеўцы ў Лідскім пав. Быў жанаты з Соф’яй Валовіч, якая трымала Варварынскі манастыр у Пінску, меў сыноў Якуба, Яна, Уладзіслава, Гераніма і Яўстафія. Найб. вядомыя:

Уладзіслаў (?—24.11.1647), сын Кірдзея. Каралеўскі дваранін, спіжарны і карэнны ў 1633. Па пратэкцыі сваяка вял. падскарбія Я.Валовіча паступіў служыць у скарб ВКЛ. Працаваў таксама ў канцылярыі ВКЛ як каралеўскі сакратар, пасля рэгент меншай канцылярыі ВКЛ (1638—43). Гарадзенскі падстараста ў 1626—34, падстолі з 1632, пісар земскі з 1638, маршалак з 1644. У 1634 праводзіў люстрацыю каралеўскіх маёнткаў. У 1639 абраны маршалкам сойма Рэчы Паспалітай.

Яўстафій (?—1661), сын Кірдзея. Гарадзенскі пісар земскі ў 1626, падстолі да 1632, харужы да 1649, кашталян смаленскі ў 1649—53 і жамойцкі з 1653.

Ян Казімір (?—8.4.1685), сын Яўстафія. Каралеўскі дваранін, гарадзенскі харужы з 1649, маршалак з 1669, лоўчы ВКЛ у 1683—84, кашталян троцкі з 1684; стараста перавольскі і філіпаўскі. У маладосці ўдзельнічаў у войнах з укр. казакамі і шведамі. У 1660 узначальваў гарадзенскае паспалітае рушэнне пры абароне горада ад рас. войск. Пасол на соймы 1648 (удзельнічаў у абранні на трон Яна ІІ Казіміра), 1670 (яго маршалак), 1672, 1674 (удзельнічаў у абранні Яна ІІІ Сабескага), 1683; дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1677.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.