Артыкулы: «Кірылава кніга»

«Кірылава кніга», зборнік царкоўных палемічных твораў, надрукаваны ў Маскве ў 1644 па загаду цара Міхаіла Фёдаравіча. Утрымлівае каля 40 твораў, накіраваных супраць католікаў і пратэстантаў — кальвіністаў і лютэран. Складальнікі — пратапоп Маскоўскага сабора чарнігаўскіх цудатворцаў Міхаіл Рогаў, ключар Московского Успенскага сабора Іаан Наседка, спраўшчыкі Друкарскага двара Шастак Марцем’янаў і Захарый Афанасьеў Падасенаў. Выданне «К.к.» было выклікана прыездам у Расію дацкага каралевіча Вальдэмара, які сватаўся да царэўны Ірыны Міхайлаўны. Царскі двор пераконваў Вальдэмара прыняць праваслаўе, для гэтага былі перакладзены палемічныя творы правасл. аўтараў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, якія склалі аснову «К.к.». Да гэтага некаторыя з іх у 1620-х г. былі ўключаны ў склад рас. рукапіснага зборніка «Асветнік літоўскі», адзін са спісаў якога, магчыма, быў пакладзены ў аснову «К.к.». Назва кнігі — ад першага твора ў яе складзе, «Книга иже во святых отца нашего Кирилла, архиепископа Иеросалимского, на осьмый век» (царк.-слав. пераклад твора Стафана Зізанія, выдадзенага ў Вільні ў 1596). Змешчаны таксама царк.-слав. пераклады твора Захарыі Капысценскага «Книга о вере единой, святой, соборной и апостольской церкви» (выдадзены ў Кіеве ў 1619), твораў «Книга об образех» (Вільня, 1596), «Книга о Троице», Вільня, 1596), «Книжица о шести отделах» Васіля Суражскага (Астрог, 1588), «Книжица о десяти отделах» (Астрог, 1598), пасланні александрыйскага патрыярха Мялеція, князя К.К.Астрожскага, афонскіх старцаў да праваслаўных Рэчы Паспалітай 1590—98, артыкулы з Рускага хранографа, творы маскоўскіх аўтараў. Пераклад у Расіі палемічных твораў бел. і ўкр. аўтараў быў выкліканы бояззю распаўсюджання каталіцтва і пратэстантызму ў выніку Смутнага часу і пачаўшагася збліжэння Расіі з краінамі Захаду

Літаратура:

Лилов А. О так называемой Кирилловой книге. Казань, 1858;

Опарина Т.А. Просветитель Литовский — неизвестный памятник идеологической борьбы XVII века // Литературная и классовая борьба эпохи позднего феодализма в России. Новосибирск, 1987.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.