Артыкулы: Клакоцкі Казімір Крыштоф
Клакоцкі Казімір Крыштоф (каля 1625—24.10.1684), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, дзеяч культуры. З мазавецкай шляхты. У 1645—47 вучыўся ў Арлеане (Францыя), падарожнічаў па Еўропе. У бітве пад Батогам 1652 трапіў у татарскую няволю, пасля выкуплены. У 1656 ваяваў супраць шведаў пад Модлінам і Памехавам. З 1657 на службе ў Б.Радзівіла, пераважна ў Слуцку. У 1660 узначальваў абарону Слуцка ад войск І.А.Хаванскага. З 1663 губернатар Капыльскага і Слуцкага княстваў. З 1665 стольнік плоцкі, палкоўнік Яго Каралеўскай Міласці, з 1684 харужы менскі, пасол на сойм 1677. Пасля смерці Радзівіла (1669) стаў адным з апекуноў яго дачкі Л.К.Радзівіл і адным з аканомаў яе «Нойбургскіх маёнткаў». Ініцыятар адкрыцця ў 1665 Слуцкай друкарні, наглядаў за яе працай. Па яго ініцыятыве ў 1678 выдадзена кніга П.Рыко «Турэцкая манархія», якую, напэўна, сам пераклаў з франц. мовы на польскую. Паводле некаторых звестак, К. пераклаў таксама кнігі «Жыццё Магамеда» і «Апісанне Алькарана» М.Бадзье (засталіся ў рукапісах). Ведаў лацінскую, грэчаскую, нямецкую, французскую, турэцкую і татарскую мовы, быў заўзятым бібліяфілам. Сябраваў з паэтам-лаціністам З.Морштынам, двойчы выдаў яго паэму «Слаўная вікторыя над туркамі» (1674), прысвечаную Хацінскай бітве 1673. Пасля смерці К. некаторыя яго кнігі перайшлі ў б-ку Слуцкага езуіцкага калегіума, пасля — у Віленскую акадэмію. Пахаваны ў Слуцку.
Літаратура:
Buchwald-Pelc P. Kazimierz Krzysztof Kłokocki i drukarnia w Słucku // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. Warszawa, 1967. T. 12.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


