Артыкулы: Клецк

Клецк (цяпер горад, цэнтр Клецкага р-на Рэспублікі Беларусь), горад у Новагародскім пав., на р. Лань. Упершыню ўпамiнаецца ў 1127 як цэнтр княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 1398 упамiнаецца клецкi князь Ямант Тулунтавiч. Вял. князь Вiтаўт у 1401 перадаў К. свайму брату Жыгiмонту Кейстутавiчу, а ў 1404 — князю Раману Фёдаравiчу. У 1433 пад К. адбылася бiтва памiж войскамi Жыгiмонта Кейстутавiча i Свiдрыгайлы, у якой апошнi быў разбiты. Паводле Хронiкi Быхаўца, Казiмiр Жыгiмонтавiч хутка пасля заняцця ў 1440 велiкакняжацкага пасада аддаў К. i iнш. гарады старэйшаму брату Мiхаiлу, каб замiрыць яго ў барацьбе за ўладу. У К. Мiхаiл задумаў змову супраць Казiмiра. Iнш. крынiцы не пацвярджаюць гэтых звестак. Каля 1492 вял. князь Казiмiр перадаў горад i княства князю Iвану Васiлевiчу Яраславiчу, якi пакiнуў iх у спадчыну свайму сыну Фёдару. У 1503 К. спалены крымскiмi татарамi. 5.8.1506 каля горада татары разбiты войскамi ВКЛ на чале з князем М.Л.Глiнскiм (гл. Клецкая бiтва 1506). Вял. князь Аляксандр выдаў К. прывілей на 1 кірмаш у год. У 1522—56 К. валодала каралева польская і вял. княгіня літоўская Бона Сфорца. У 1552 у горадзе каля 700 жыхароў (137 двароў, 4 царквы, манастыр, касцёл. З 1558 К. валодалi Радзiвiлы (горад i княства падараваны М.Радзiвiлу Чорнаму вял. князем Жыгiмонтам Аўгустам у 1551). У 1559 Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей на 2 кірмашы ў год. У 1586—1939 цэнтр Клецкай ардынацыi Радзiвiлаў. У 1560-я г. ў кальвiнскiм зборы, пераробленым з касцёла, служыў мiнiстрам (прапаведнiкам) С.Будны. У 1595 горад — месца збору войск для падаўлення паўстання С.Налiвайкi. У канцы 16 ст. паводле пректа Я.М.Бернардоні (?) пабудаваны мураваны Клецкі фарны касцёл. У 1626 у К. каля 2000 жыхароў, 448 двароў. У 1641 упамінаецца Клецкая бібліятэка Радзівілаў. У 1652 горад атрымаў герб: паляўнічы ражок, над якім княжацкая шапка (мітра). У 1655 у час вайны Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67 К. разбураны атрадам рас. стольнiка Р.М.Iзмайлава, насельнiцтва скарацiлася ўдвая. У 1683 у горадзе каля 1100 жыхароў, 217 двароў. У 17—18 ст. у Клецку 3 рамесныя цэхi. У 17—19 ст. iснавалi драўляныя унiяцкiя цэрквы Ушэсця i Васкрасенская. С.К.Радзiвiл у 1683 заснаваў Клецкі дамiнiканскi кляштар. У 1706, у час Паўночнай вайны 1700—21, пад К. шведскi атрад разбiў рас. войска, горад разбураны. У 1710 Аўгуст ІІ выдаў прывілей на 2 кірмашы ў год у К. У 1713 у К. каля 600 жыхароў, 152 двары. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалiтай (1793) у складзе Рас. імперыi.

Літаратура:

Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв. Мн., 1975;

Чорны Д.М. Клецк: Гiст.-экан. нарыс. Мн., 1991;

Оглоблин Н.Н. Бой со шведами у местечка Клецка, журнал С.П.Неплюева, 19-го апреля 1706 г. // Рус. старина. 1891. Т. 72;

Пазднякоў В. Школы і бібліятэкі феадальнага Клецка // Адукацыя. Гісторыя. Мова. Брэст, 1992;

Яго ж. Хрысцiянскiя святынi Клецка XV—XIX стст. // Гiст.-археал. зб. Мн., 1996. № 10;

Пазнякоў В., Бубенька Т. Подых незвычайнай эпохі: Клецкая кафля XVI стагоддзя // Мастацтва Беларусі. 1991. № 3.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.