Артыкулы: Клецкае княства

Клецкае княства, феадальнае ўладанне. Як удзельнае княства вядома з 1127. У 14—15 ст. належала князям i вял. князям ВКЛ. Вял. князь Казiмiр у пачатку свайго панавання называў К.к. воласцю, пазней — паветам, бо яно ўваходзiла ў яго ўладаннi непасрэдна разам з iнш. валасцямi i паветамi. Вял. князi Аляксандр i Жыгiмонт I называлi К.к. паветам. Прыкладна з 1492 i да 1521—22 княства належала князям Iвану Васiлевiчу i Фёдару Iванавiчу Яраславiчам, але тэрмiн «К.к.» ў дакументах не сустракаецца (звычайна — «именье», «добра»), потым перайшло да каралевы i вял. княгіні Боны Сфорца з тымi правамi, якiмi валодалi яе папярэднiкi. Бона ў дачыненнi да К.к. карысталася тэрмiнамi «павет» i «княства», апошнiм — каб падкрэслiць сваю ўладу, якая ажыццяўлялася праз клецкiх намеснiкаў i падстарастаў. У 1552—55 Бона правяла ў княстве адну з першых у Беларусi валочных памер. У гэты час была ажыццёўлена адм. рэформа: падзел К.к. на 6 дзесяткаў (Валасны, Вяжэвiцкi, Канюшскi, Малеўскi, Сiняўскi, Цяцераўскi) быў заменены падзелам на 5 войтаўстваў. Непасрэдна Боне ў К.к. належалi 698 валок зямлi, у т.л. зямля Клецка (каля 45 валок), мяст. Сiняўка i 52 сялы. З 1558 княствам валодалi Радзiвiлы ў межах, у якiх яго мела Бона (прыкладна тэр. сучаснага Клецкага р-на i паўд. палова Нясвiжскага р-на). Да 1575 колькасць княжацкiх сёл скарацiлася да 38 з-за iх узбуйнення, колькасць ворнай зямлi павялiчылася да 809 валок. У 1586 Радзiвiлы ўстанавiлi, разам з Алыцкай i Нясвiжскай, Клецкую ардынацыю — буйное неадчужальнае магнацкае ўтварэнне ў складзе Клецкага i Давыд-Гарадоцкага княстваў. Паняцце «К.к.» ў 16 ст. Радзiвiлы амаль не выкарыстоўвалi, ужывалася назва «Клецкае панства». Тэрмiн «К.к.» зноў пачаў ужывацца ў радзiвiлаўскiх дакументах з 17 ст. Пры Радзiвiлах К.к. мела атрыбуты дзярж. адм. адзiнкi ВКЛ: замкавы суд, асобны ваенны атрад клецкай шляхты. У 1791 К.к. ўвайшло ў склад Случарэцкага павета.

Літаратура:

Любавский М. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. М., 1892;

Грушевский А. Пинское Полесье XIV—XVI вв.: Ист. очерки. Киев, 1903;

Пазднякоў В. Татары Клецкага княства XVI ст. // Першая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Татары-мусульмане на землях Беларусі, Літвы і Польшчы». Менск, 1994. Ч. 1;

Bajko A. Ludność księstwa kleckiego w okresie pomiary włocznej // Lituano-Slavica Posnaniensia. Poznań, 2003. Т. 9.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.