Артыкулы: Клецкая бітва 1506

Клецкая бітва 1506. Адбылася 5 жн. каля г. Клецк паміж войскам ВКЛ пад камандаваннем кн. М.Л.Глінскага (гл. ў арт. Глінскія) і крымскімі татарамі на чале з царэвічамі Біці і Бурнашом. Мэтай татарскага нападу, арганізаванага ханам Менглі-Гірэем, акрамя захопу палонных, маёмасці і жывёлы быў націск на ўрад ВКЛ, каб прымусіць яго пазбавіцца ад ганаровага вязня, былога хана Вял. Арды і смяротнага ворага крымчакоў Шах-Ахмата (забіць яго ці выдаць жывым у Крым). Крымскае войска (каля 4 тыс. чал. пры 10 тыс. коней) пад Чарнігавам пераправілася цераз Дзясну, а пад Лоевам — цераз Дняпро. Адсюль татары рушылі на Слуцк, пасля на Клецк, дзе прыкладна 20—22 ліп. сталі кашом (лагерам) і распусцілі атрады для збору палону. Асобныя іх чамбулы дасягалі Менска. Цяжка хворы вял. князь Аляксандр 27 ліп. ў Лідзе склікаў паспалітае рушэнне і перадаў камандаванне гетману С.П.Кішку і маршалку дворнаму Глінскаму. 29 ліп. ў Лідзе сабраліся некаторыя павятовыя харугвы, 31 ліп. яны дайшлі да Новагародка. Тут да 3 жн. войска ВКЛ вырасла да 7 тыс. чал. (у асн. харугвы Гарадзенскага, Новагародскага і Менскага паветаў, а таксама наёмная кавалерыя, польская гвардыя Аляксандра і нешматлікая артылерыя). Атрымаўшы інфармацыю ад языкоў, 3 жн. войска шпарка рушыла на Клецк. У час маршу было разбіта некалькі дробных татарскіх атрадаў, аднак Кішка занямог, і паны паставілі на чале войска Глінскага. 5 жн. войска ВКЛ выйшла на левы бераг р. Лань насупраць Клецка і спусцілася крыху ніжэй, да дарогі на Пінск. Наносячы ўдар з ПдЗ, Глінскі разлічваў адрэзаць татарам шляхі да ўцёкаў, прыціснуць іх да водных перашкод і разбіць. Абапал грэблі, па якой ішла дарога Клецк—Пінск, былі збудаваны 2 гаці. Першым на правы бераг Лані пераправіўся невял. атрад вял. маршалка Я.Ю.Забярэзінскага, але быў хутка разбіты. Пасля ўдарылі асн. сілы. Спачатку рушыла правая калона, адразаючы татарам шлях да адступлення, а калі тыя ўсе сілы кінулі супраць яе, цераз Лань пераправілася левая калона з самім Глінскім і ўдарыла ў фланг татарам. Жорсткая бітва скончылася ўцёкамі татараў, шмат іх патанула ў р. Цапра. Рэшту гналі далей, білі пад Капылём, Слуцкам, Петрыкавам, Оўручам, Жытомірам. Яшчэ некалькі дзён войска ВКЛ перахоплівала асобныя татарскія атрады, якія вялі пад Клецк палон з навакольных мясцін. Пераможцам дасталіся шматлікія коні татараў. Было вызвалена шмат палонных (40 тыс., паводле сведчанняў сучаснікаў, відаць, перабольшаных), узята ў палон 2—3 тыс. татараў. К.б. стала самым значным паражэннем крымскіх татараў у Беларусі і паклала канец іх буйным набегам за Прыпяць.

Літаратура:

Herbst S. Kleck 1506 // Herbst S. Potrzeba historii czyli o polskim stylu życia: Wybór pism. Warszawa, 1978. T. 2;

Варонiн В. Два лiсты пра бiтву пад Клецкам у 1506 г. // Бел. гiст. агляд. 1995. Т. 2, сш. 2;

Чаропка В. Клецкая бітва // Бел. мінуўшчына. 1995. № 2;

Чарняўскі М. На слаўным полі пад Клецкам // Бацькаўшчына. Мн., 1996;

Блінец А. Бітва пад Клецкам // Бел. гіст. часопіс. 2000. № 4.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.