Артыкулы: Клецкі фарны касцёл
Клецкі фарны касцёл. Заснаваны, відаць, вял. князем літоўскім Казімірам, асвячоны ў гонар Св. Тройцы. Упершыню ўпамінаецца ў 1450, калі клецкі баярын Андрушка Масцівіловіч даў яму дзесяціну. Пабудаваны на пасадзе Клецка, першапачаткова быў драўляны. У пач. 1560-х г. пераабсталяваны пад кальвінскі збор, дзе служыў С.Будны, з 1570-х г. зноў касцёл. Мураваны храм пабудаваў у канцы 16 ст., відаць, Дж.М.Бернардоні па заказу клецкага ардыната А.Радзівіла, асвячоны ў 1590. Касцёл бесслупавы, да яго асн. аб’ёму далучаецца прамавугольны прэсбітэрый з 3-граннай апсідай. З паўн. боку да прэсбітэрыя прымыкала 2-павярховая сакрыстыя. Сцены асн. аб’ёму і апсіды звонку ўмацаваны контрфорсамі. Гал. фасад завершаны барочным трохвугольным франтонам з 2 круглымі акенцамі па баках. Вокны ў сценах асн. аб’ёму арачныя, выцягнутыя ў вышыню. Да гал. фасада прыбудавана магутная вежа, праз якую вёў гал. ўваход. Яе ніжні ярус прамавугольны, астатнія 4 ярусы, розныя па вышыні — васьмерыкі. У 17—18 ст. у касцёле знаходзіліся разныя алтары Св. Тройцы, Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Ісуса Хрыста, Св. Крыжа, св. Ганны, св. Мікалая, св. Казіміра. Абраз Дзевы Марыі лічыўся цудатворным. У крыпце касцёла знаходзіліся пахаванні Радзівілаў. Пры касцёле дзейнічалі школа і шпіталь. У Вял. Айч. вайну касцёл згарэў, пасля разабраны, захаваліся фрагменты муроў.
Літаратура:
Кушнярэвіч А.М. Культавае дойлідства Беларусі ХІІІ—XVI стст. Мн., 1993;
Пазднякоў В.С. Хрысціянскія святыні Клецка XV—XIX стст. // Гістарычна-археалагічны зб. Мн., 1996. № 10;
Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэкутра беларускага барока. Мн., 2001.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


