Артыкулы: клецкія абарончыя ўмацаванні
клецкія абарончыя ўмацаванні, комплекс драўляна-земляных умацаванняў Клецка ў 11—18 ст. Складалiся з дзядзiнца (Высокага замка) i вакольнага горада (Дольнага замка). Першапачатковы дзядзiнец збудаваны на марэнным пагорку каля ўпадзення р. Сiльная ў Лань. Пляцоўка мае блiзкую да круга форму памерам 90 × 100 м, плошча 0,75 га. Дзядзiнец умацаваны валам шырынёй 14 м i вышынёй 2,5—3 м, з боку поля абведзены ровам. Меў драўляную сцяну, відаць, у выглядзе састаўленых клецей (адсюль назва горада — Клецк). Збудаваны, мабыць, Яраславам Мудрым у сярэдзiне 11 ст., узмоцнены ў 1-й пал. 13 ст., шырыня вала дасягнула 18 м, вышыня 5 м, стромкасць схiлаў, умацаваных глiнай, склала 30—40º, глыбiня рова каля 11 м. Вакольны горад плошчай 7,7 га паўкальцом ахоплiвае дзядзiнец. Умацаваннi вакольнага горада збудаваны, хутчэй за ўсё, у 12—13 ст. Складалiся з землянога вала з драўлянай сцяной i рова шырынёй з усх. боку 8 м, глыбінёй 2,2 м. Вакольны горад мостам злучаўся з дзядзiнцам, меў адзiн праход у поле ў паўд. напрамку. У сярэдзiне 13 ст. ўмацаваннi разбураны, відаць, мангола-татарамi, у 1503 спалены крымскiмi татарамi, потым адбудоўвалiся. Павiннасць падтрымлiваць умацаваннi ў належным стане ляжала на клецкай шляхце з яе падданымi. З пач.16 ст. дзядзiнец i вакольны горад у дакументах называюцца замкам i парканам. Iнвентар 1552 упамiнае 2 вежы-брамы на паркане. Iнвентар 1626 падае назвы дзядзiнца i вакольнага горада як Высокi i Дольны замкi. На тэр. Дольнага замка ўжо адсутнiчалi сядзiбы гараджан, тут месцiўся асабiсты двор Радзiвiлаў. Драўляныя сцены замка названы парканам, у iм было 10 вежаў i 2 вежы-брамы. У Высокi замак вёў мост, якi выходзiў да вежы-брамы з гадзiннiкам. Драўляныя сцены замка мелi канструкцыю тыпу клецей. Унутры яго знаходзiлiся мураваны склеп i цэйхгауз са зброяй, у т.л. з 8 бронзавымi i 3 жалезнымі гарматамi. Нiжэй замкаў на р. Лань была грэбля, якая падымала ваду ў рацэ i дапамагала запаўняць ёю замкавыя равы. Умацаваннi разбураны ў 1655 рас. войскам у час вайны Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67. Паводле плана 1694 замкi павiнны былi адбудаваць, а ўвесь горад абвесцi драўлянымi ўмацаваннямi з 3 «сцен» (праслаў) i 4 вежаў-брам на важнейшых вулiцах. Пасля разбурэння горада шведамi ў 1706 i наступнага заняпаду Клецка план рэалiзаваны часткова (пастаўлены брамы на Жыдоўскай i Цаперскай вуліцах). У 18 ст. ўсе ўмацаваннi канчаткова разбурылiся.
Літаратура:
Пазднякоў В.С. Умацаваннi Клецка ХI—XVIII стст. // Гiст.-археал. зб. Мн., 1993. Ч. 2.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


