Артыкулы: Кляге Тамаш
Кляге Тамаш (каля 1598, в. Гермсдорф пад Ольштынам—14.6.1664), дзеяч каталіцкай царквы, педагог, гісторык. Магістр вольных навук і філасофіі (1641). З багатай сялянскай сям’і. Вучыўся ў Ольштыне, Браневе, Полацку, Пултуску, Вільні. У 1618 уступіў у Вільні ў ордэн езуітаў, з 1630 ксёндз. У 1624—27 выкладаў паэтыку і рыторыку ў Нясвіжы, у 1631—32 місіянер у Караляўцы, у 1634—35 выкладаў матэматыку ў Пултуску, у 1636—41 суперыёр рэзідэнцыі ў Рэшэлі, у 1641—44 выкладаў рыторыку і Свяшчэннае Пісанне ў Вільні, у 1644—47 рэктар Нясвіжскага езуіцкага калегіума, у 1647—49 рэктар Папскай семінарыі і праф. Свяшчэннага Пісання ў Браневе, у 1650—53 рэктар Бранеўскага калегіума. У час вайны са Швецыяй да 1659 у Аўстрыі і Германіі. У 1660—62 выкладаў езуіцкае права ў Пінску. Аўтар драмы «Плаванне славы, або Ясон» («Cursus gloriae sive Jason fabula», пастаўлена ў 1634 і 1643), вершаў, палемічных твораў, у т.л.: «Даследаванне убіквізму» («Quaestiones ubiquisticae», Вільня, 1644, тут сцвярджаў, што гал. прычынай рэлігійных спрэчак з’яўляецца убіквізм — лютэранскае вучэнне пра еўхарыстыю), «Пасланец Меркурыя Элігія Прускага супраць лютэранскіх выказванняў» («Prodromus Mercurii Eligio Borussi contra praedicantes Litheranos», Вільня, 1651), «Ліпа Марыі» («Linda Mariana», Кёльн, 1659, пра касцёл з вядомым абразом Маці Божай у Святой Ліпцы ў Варміі), «Абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі цудатворны пінскі езуітаў пінскіх у Польшчы» («Imago BMV Miraculosa Pinscensis S.J. Pinsci in Polonia», пра Лагішынскі абраз Маці Божай). У рукапісе застаўся вялізны твор «Вежа Давіда» («Turris David»), задуманы як памятная кніга ў гонар 100-годдзя ордэна езуітаў.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


