Артыкулы: Кміта-Чарнабыльскі Фiлон Сямёнавiч

Кміта-Чарнабыльскі Фiлон Сямёнавiч (каля 1530—да 25.3.1587), ваенны дзеяч ВКЛ. З шляхецкага роду Кмiтаў. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 камандаваў войскамi на ўсх. мяжы дзяржавы. У 1562 як дзяржаўца замка Асцёр каля Кiева на чале 300 коннiкаў разбiў 2-тысячны атрад рас. войск. На чале атрада з 1400 коннiкаў аблажыў i захапiў Чарнiгаў. Разам з ротай К.В.Астрожскага перамог утрая большы рас. атрад князя Мяшчэрскага. З 1000 коннiкамi зрабiў рэйд да Старадуба, у час вяртання разбiў рас. атрад на р. Сноў. У студз. 1564 абараняў з ПдЗ наступленне гал. сiл армii ВКЛ (камандуючы М.Радзiвiл Руды) на Полацк. Скарыстаўшы перамогу войск ВКЛ у Ульскай бiтве, К.-Ч. праследаваў рас. войскi да Смаленска. Летам 1565 на чале 1600 коннiкаў уступiў у Северскую зямлю i ўзяў Почап. За ваенныя заслугi ў 1566 атрымаў каралеўскi прывiлей на прызначэнне дзяржаўцам Чарнобыля (адсюль 2-я частка прозвiшча). У 1566 прызначаны аршанскiм старастам з абавязкам ахоўваць аршанска-смаленскае пагранiчча. У 1568 з 4-тысячным атрадам ваяваў на Смаленшчыне, разбiў частку смаленскага гарнiзона, зрабiў рэйд да Вязьмы. З Оршы дасылаў у Вiльню панам-радзе ВКЛ данясеннi пра становiшча на дзярж. мяжы i ў Расii (захавалася 30 лiстоў за 1573—74). Данясеннi напiсаны эмацыянальна, публiцыстычна, з выкарыстаннем нар. прыказак, з’яўляюцца помнiкам стараж.-бел. лiтаратуры. У час полацкага паходу 1579 яго атрад прыкрываў армiю Рэчы Паспалiтай з боку Смаленшчыны. У 1579 прызначаны ваяводам смаленскiм (пасада намiнальная i непрыбытковая, бо Смаленск застаўся ў Расii, але давала К.-Ч. месца ў Сенаце Рэчы Паспалiтай). У час паходу на Вял. Лукi 1580 з 9-тысячным войскам уварваўся на Смаленшчыну, але быў разбiты i вярнуўся да Оршы. Прызначаны намеснiкам у г. Вял. Лукi. У 1580—81 праводзiў рэйды ў глыб рас. тэрыторыi, арганiзаваў паспяховы паход па заваяваннi г. Холм.

Творы:

Лiсты // Помнiкi старажытнай беларускай пiсьменнасцi. Мн., 1975.

Літаратура:

Саверчанка І. Эпісталярная спадчына Філона Кміты-Чарнабыльскага // Бел. гіст. часопіс. 2006. № 5.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.