Артыкулы: «Кніга баторыеўская»

«Кніга баторыеўская» («Księga batoriańska. Zbiór dokumentów ku uczczeniu 350-letniej rocznicy zgonu króla Stefana Batorego»), зборнік дакументаў у памяць 350-гадавіны смерці караля польскага і вял. князя літоўскага. Сабраны Р.Мяніцкім, выдадзены Віленскім універсітэтам у 1939. Для гэтага выдання былі сабраныя дакументы з дзярж., грамадскіх і прыватных архіваў Вільні, падпісаных уласнаручна Стафанам Баторыем, усяго 22 дакументы (12 на старабел., 9 на лац., 1 на польскай мове), з іх 3 дакументы былі раней надрукаваны. Дакументы на старабел. мове надрукаваны лацініцай. Сярод змешчаных дакументаў прывілей Баторыя пра звальненне троцкіх мяшчан ад падводнай павіннасці 1579, распараджэнне пра вяртанне ўсіх зямельных уладанняў полацкаму архіепіскапу 1579, прывілей нашчадкам доктара Руперта Фінка на дом у Вільні 1579, перадсоймавы універсал для Гарадзенскага пав. 1579, прывілей Яну Глябовічу на валоданне Радашковіцкай дзяржавай 1580, дазвол Крысціне Хадкевіч на выкуп Свіслачы ад Яна Дульскага 1580, прывілей пра забарону паборцам падаткаў браць з троцкіх мяшчан мыта, вышэйшае за тое, што плацяць віленскія мяшчане 1580, прывілей Габрыелю Бекешу на маёнтак Аванты 1581, прывілей Васілю Няміры 12 службаў у Магілёўскай воласці 1581, пацвярджэнне фундацыі Астафія Валовіча на шпіталь Віленскага кальвінскага збора 1582, пацвярджэння прывілея Жыгімонта І пра звальненне падданых пінскага епіскапа ад падводнай павіннасці 1585, прывілей Багдану Агінскаму на Дарсунішскую дзяржаву 1586, прывілей Віленскаму кафедральнаму касцёлу на парафіяльны касцёл у Посвалі з яго зямельнымі ўладаннямі 1586. Пры кожным дакуменце прыведзены звесткі пра месца яго захавання, матэрыял і памеры, ступень захаванасці, наяўнасць пячаткі, пазнейшыя надпісы, месца ранейшага друкавання. Зборнік забяспечаны прадмовай, дзе Мяніцкі выклаў археаграфічныя прынцыпы выдання, паказальнікам асоб і мясцовасцей. Змешчаны ілюстрацыйны матэрыял: партрэты Баторыя 16—20 ст., карта Рэчы Паспалітай 1576 з партрэтам Баторыя, медалі з выявай Баторыя 1828 і 1929, яго пячатка 1578, выявы некаторых змешчаных у зборніку дакументаў. Зборнік выдадзены на высокім узроўні, заховаўвае навуковае значэнне.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.