Артыкулы: Маен (Меен) Ян Якуб

Маен (Меен) Ян Якуб (каля 1733, г. Кобленц каля Шчэціна—пасля 1794), ваенны дзеяч. Паходзіў з нямецкай сям’і. Скончыў калегіум у Караляўцы (1750), вучыўся ў Каралявецкім ун-це. Служыў у прускай арміі. З 1778 у войску ВКЛ. У 1778—83 капітан 2-га рэгімента булавы вялікай літоўскай, у 1783—85 генерал-ад’ютант булавы польнай літоўскай, з 1785 падпалкоўнік 4-га рэгімента, з 1790 палкоўнік. Набілітаваны ў 1790 Чатырохгадовым соймам 1788—92. Камандаваў 4-м рэгіментам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792, удзельнічаў у баях пад Мірам 11.6.1792 і Крэменем 24.7.1792. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794. Пасля пачатку паўстання 16.4.1794 у Шаўлях не выконваў загадаў гетмана Шымана Касакоўскага, у Жыжмарах далучыўся з 4-м рэгіментам да паўстаўшых войск генерала Рамуальда Гедройца, што ішлі на Вільню. Удзельнічаў у бітве пад Палянамі каля Вільні 7.5.1794. За мужнасць прызначаны Тадэвушам Касцюшкам 16.5.1794 генерал-маёрам, аднак працягваў камандаваць толькі 4-м рэгіментам, які ўваходзіў у склад віленскага гарнізона. 19.7.1794 абараняў Вільню з боку Вострай Брамы ад войск рас. генерала Багдана Кнорынга, быў вымушаны адысці да Малых Салечнікаў, дзе злучыўся з ген.-лейтэнантам Міхалам Вяльгорскім. Вызначыўся ў час абароны Вільні 11.8.1794. Касцюшка 22.8.1794 прызначыў М. камандзіруючым ген.-маёрам. 2.9.1794 абараняў Коўну. Хутка пасля таго прызначаны камандзірам гал. дывізіі войска ВКЛ. Пасля перафарміравання сабраных пад Гародняй войск М. прызначаны камандзірам 2-й дывізіі войска ВКЛ, абараняў адыход войск на Варшаву. Удзельнічаў у бітве пад Кабылкай 26.10.1794, абароне прадмесця Варшавы Прагі 4.11.1794, дзе трапіў у рас. палон. Яму было дазволена вярнуцца на радзіму ў Прусію. Далейшы лёс невядомы.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.