Артыкулы: Мазыр
Мазыр (цяпер горад, цэнтр Мазырскага р-на, Рэспубліка Беларусь), горад, цэнтр Мазырскага павета, на р. Прыпяць. Упершыню згадваецца пад 1155, знаходзіўся ў Кіеўскім княстве. З сярэдзiны 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 14—18 ст. iснаваў драўляны Мазырскi замак. У 1497 i 1521 горад спалены крымскiмi татарамi. Вял. князь літоўскі Аляксандр у чэрв. 1500 выдаў гораду i воласцi ўстаўную грамату, дзе рэгламентавана дзейнасць намеснiка i падаткi; 8.12.1510 устаўную грамату выдаў вял. кн. Жыгiмонт Стары. У час Глiнскiх мяцяжу 1508 мазырскi намеснiк Якуб Iвашанцавiч, дваюрадны брат кн. М.Л.Глiнскага, здаў князю горад, якi павiнен быў стаць базай для захопу Кiева. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 М. разбураны маскоўскiм войскам. У 1552 у горадзе iснавалi цэрквы Спаса, Мiколы, Прачыстай Багародзiцы; насельнiцтва каля 1500 чал. У 16—18 ст. М. — цэнтр гродавага Мазырскага стараства, пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66—цэнтр павета Кiеўскага ваяв., пасля Люблiнскай унii 1569 павет у складзе Менскага ваяв. У 1576 у М. каля 2000 жыхароў, 293 мяшчанскiя двары. 28.1.1577 кароль Стафан Баторый выдаў М. прывiлей на магдэбургскае права (пацверджаны ў 1630, 1680, 1722, 1746). Горад атрымаў герб: у блакітным полі чорны арол, у яго на грудзях шыльда з літарай S. (манаграма Стафана Баторыя; некаторы перыяд у 17 ст. на шыльдзе быў герб «Трубы» Радзівілаў). У 1585 М. атрымаў прывілей на права правядзення кірмашоў і таргоў. У горадзе адбылiся Мазырскае паўстанне 1615 i Мазырскае паўстанне 1649. У 1616 стараста Б.Стравiнскi заснаваў касцёл, у 1645 заснаваны Мазырскi кляштар бернардзiнцаў. У час вайны Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67 горад заняты рас. войскамi. У 1724 у М. каля 1500 жыхароў. У 1-й пал. 18 ст. пабудаваны базыльянскi манастыр, каля горада — Кiмбараўскiя цыстэрцыянскiя кляштары, у 1752 — кляштар марыявiтак. У 1723—73 пры парафiяльным касцёле дзейнiчала езуiцкая мiсiя. Езуiты з 1726 трымалi школу, якая пасля скасавання ордэна ў 1773 пераўтворана ў свецкае вучылiшча, што стала асновай мужчынскай гiмназii. У горадзе ў канцы 18 ст. каля 2000 жыхароў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. iмперыi.
Лiтаратура:
Крукоўскi А.Я. Горад Мазыр i яго ваколiцы // Наш край. 1927. № 3;
Никитин А.С., Зальцман Е.Е. Мозырь: Ист.-экон. очерк. Мн., 1973;
Трусаў А.А., Здановiч Н.I. Новае пра старажытны Мазыр: (па матэрыялах археал. даслед. 1981—1984 гг.) // Сярэдневяковыя старажытнасцi Беларусi: Новыя матэрыялы i даслед. Мн., 1993;
Бобр А.Г. Мой Мозырь: Ист. очерк. Ч. 1. Мн., 1996;
Мазыр: 850 год. Т. 1. Мазыр: гісторыя і сучаснасць. Гомель, 2005.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне