Артыкулы: Макарый І Чорт

Макарый І (мянушка Чорт; сярэдзіна 15 ст.—1.5.1497) — дзеяч праваслаўнай царквы ў ВКЛ, мітрапаліт кіеўскі і ўсёй Русі (1495—1497).

Звестак пра яго паходжанне не захавалася. Мітрапаліт Сімяон (1481—1488) прызначыў яго архімандрытам Свята-Троіцкага манастыра ў Вільні. У пачатку 1495 на царкоўным саборы з удзелам епіскапаў уладзімірскага Васіяна, полацкага Лукі, тураўскага Васіяна, луцкага Іоны Макарый быў абраны мітрапалітам. У Канстанцінопаль былі накіраваны два паслы (старац Дыянісій, дыякан інак Герман) за патрыяршым благаславеннем, і там прыблізна ў студзені—чэрвені 1497 яны атрымалі адпаведную стаўленую грамату ад патрыярха Ніфанта ІІ (Русский феодальный архив XIV—первой трети XVI века. III. М., 1987. С. 633—635). Грамату прывез патрыяршы «пасол келейны» Исафь. Адначасова патрыярх накіраваў некалькі пасланняў у ВКЛ: «и принесоша листы благословеныи под великими печатьми оловяными великому князю а великои княги(не), и митрополиту, и епископом, и князем, и бояром, и всѣ(м) православным християном» (ПСРЛ. М., 1980. Т. 35. С. 123).

Мітрапаліт Макарый карыстаўся даверам не толькі ў ВКЛ, але і ў Маскве. Калі рыхтаваўся шлюб дачкі вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ Алены Іванаўны з вялікім князем літоўскім Аляксандрам, Іван ІІІ прасіў, каб таінства вянчання здзейсніў Макарый, але Аляксандр не дазволіў гэтага. Макарый толькі прысутнічаў пры вянчанні 15.2.1495.

З дзеянняў Макарыя як мітрапаліта вядома, што ў 1495 ён паставіў луцкага епіскапа Кірылу (ПСРЛ. М., 1980. Т. 35. С. 123), прызначыў архімандрытам Свята-Троіцкага манастыра ў Вільні Зосіму (без згоды мяшчан, якія раней забяспечылі сабе гэта права), а пасля зрабіў яго і сваім намеснікам у Вільні. У Уваскрасенскую царкву Вільні Макарый прызначыў святаром Харытона (зноў без згоды мяшчан). Макарый дазволіў віленскім мяшчанам толькі штогадовую рэвізію маёмасці ў цэрквах, але адхіліў іх прэтэнзіі на ўдзел у пастаўленні святароў і ігуменаў. Мітрапаліт устанавіў новыя нормы паднашэнняў, якія павінны былі выплочваць яму віленскія святары, у тым ліку у час штогадовага прыезду ў Вільню (рэзідэнцыя Макарыя знаходзілася, відаць, у Новагародку). Зрэшты, пасля смерці мітрапаліта вялікі князь літоўскі Аляксандр 5.2.1498 адмяніў гэтыя новаўвядзенні (АЗР. Т. 1. № 152. С. 174—175; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 6 (1494—1506). Užrašymų knyga 6 / Parengė A.Baliulis. Vilnius, 2007. № 248. Р. 169—170).

29.6.1496 вялікі князь літоўскі Аляксандр падараваў мітрапаліту Макарыю чалавека Леўкавіча ў Літоўцы ў Новагародскім павеце (Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 6 (1494—1506). Užrašymų knyga 6 / Parengė A.Baliulis. Vilnius, 2007. № 153. Р. 128).

Макар Алешкаў Кудрыч прадаў мітрапаліту Макарыю поле («навоз») і сенажаць паміж пагоркамі ў Новагародку (ці у яго ваколіцах), пад Святым Крыжам (вопіс мітрапаліцкага архіва 1763).

Мітрапаліт Макарый быў забіты ў с. Скрыгалава каля Мазыра (цяпер вёска Скрыгалаў Мазырскага раёна) у час паездкі ў Кіеў, пры набегу крымскіх татараў. Аднак Супрасльскі летапіс указвае, што гэта адбылося на рацэ «Бчичи» (Пцічы). Гроб з целам Макарыя прынамсі з канца 17 ст. стаяў у Міхайлаўскім прыдзеле Сафійскага сабора ў Кіеве, дзе Макарыя шанавалі як святога. У 1832—1838 была зроблена сярэбраная рака для яго мошчаў. Цяпер мошчы Макарыя ляжаць у Кіеўскім Уладзімірскім саборы. Памяць Макарыя адзначалася спярша 19 студзеня (дзень св. Макарыя Егіпецкага), а ў 1827 кіеўскі мітрапаліт Яўген (Балхавіцінаў) перанес дзень памяці Макарыя на 1 мая.

Падрабязнасці:

Евгений. Описание Киевософийского собора и киевской иерархии с присовокуплением разных граммат и выписок, объясняющих оное, также планов и фасадов константинопольской и киевской софийской церкви и ярославова надгробия. Киев, 1825. С. 47;

Орловский П. Сказание о священномученике Макарии, нетленно почивающем в Киево-Софийском кафедральном соборе. Киев: Тип. П.Барского, 1887. 18 с.;

Завитневич В. К вопросу о рукоположении в Киевские митрополиты Св. Макария и о месте его мученической кончины // Труды Киевской духовной академии. 1890. Кн. 1;

Сказание о священномученике, митрополите Киевском Макарии // Киевские епархиальные ведомости. 1890. № 17;

Едлинский М. Поучение в день 400-летия мученической кончины св. священномученика Макария, митрополита киевского // Киевские епархиальные ведомости. 1897. № 9. Часть неофициальная. С. 419—422;

И.З. [Завитневич И.] Св. Макарий, Митрополит Киевский и всея Руси († 1497 г.). (По поводу 400-летия со дня мученической кончины святителя Макария, 1 мая) // Богословский вестник. 1897. № 5. С. 187—197;

Титов Ф. Святый священно-мученик Макарий, митрополит Киевский и всея России (1 мая 1497—1 мая 1897) // Труды Киевской духовной академии. 1897. Кн. 5. С. 3—18;

Корольков И.Н. Киевский митрополит, священномученик Макарий и его значение в истории югозападной церкви // Труды Киевской духовной академии. 1897. Кн. 6. С. 152—178;

Корольков И. Киевский митрополит, священномученик Макарий и его значение в истории юго-западной Церкви // Киевские епархиальные ведомости. 1897. № 10. Часть неофициальная. С. 464—495;

Н.И. Священномученик Макарий, митрополит киевский и всея Руси // Литовские епархиальные ведомости. 1897;

Антонов В.Г. Священномученик Макарий, митрополит Киевский и всея Руси. Киев: КПЛ, 1898. 20 с.;

Мельников А.А. Путь непечален. Исторические свидетельства о святости Белой Руси. Минск: Издание Белорусской Православной Церкви Московского Патриархата, 1992. С. 194—199;

Нікітенко Н.М. Під покровом Святої Софії. Некрополь Софійського собору у Києві. Київ, 2000. 96 с.;

Кісялёў У. Я аддаю сябе волі Божай… // Праваслаўе. 2001. № 10. С. 30—34.

Нікітенко Н.М. Свята Софія Київська: історія в мистецтві. Київ, 2003.

Кізлова А. Мощі св. сщмч. Макарія у духовному житті киян (кінець ХVIII—початок ХХ ст.) // Актуальні проблеми вітчизняної та всесвітньої історії. Вип. 22. Збірник наукових праць. Наукові записки Рівненського державного гуманітарного університету. 2011;

Сінкевич Н.О. Реліквії та чудотворні ікони Софії Київської. Київ: Логос, 2011. 94 с.

© Валерый Пазднякоў, 2006, 2014

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.