Артыкулы: Макраноўскі Станіслаў

Макраноўскі Станіслаў (10.1.1761, г. Багуцін каля Влоцлаўка, Польшча—19.10.1821), ваенны дзеяч. З шляхецкага роду герба «Багорыя». У 1775—77 вучыўся ў Варшаўскі кадэцкім корпусе, пасля да 1780 — у Парыжскай ваеннай школе. З 1780 служыў у кароннай гвардыі Рэчы Паспалітай, у 1782—88 — у французскай арміі. Быў абраны паслом на Чатырохгадовы сойм 1788—92. Віцэ-брыгадзір (1788), брыгадзір (1792). Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 (у т.л. ў бітве пад Зелянцамі 18.6.1792), быў узнагароджаны крыжам «Віртуці мілітары». Пасля далучэння караля польскага і вял. князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага да Таргавіцкай канфедэрацыі М. выйшаў у адстаўнку, нягледзячы на атрыманне рангу ган.-маёра (1792). Далучыўся да паўстання 1794. Прытрымліваўся кансерватыўных і раялістскіх поглядаў, варагаваў з прадстаўнікамі радыкальнага крыла паўстання (якабінцамі). 25.4.1794 кіраўнік паўстання Тадэвуш Касцюшка надаў М. ранг ген.-лейтэнанта,прызначыў яго камандуючым узброенымі сіламі горада Варшавы і Мазавецкага княства. З-за супярэчнасцей з Касцюшкам апошні 15.6.1794 прызначыў М. камандзірам дывізіі, а 10.8.1794 — камандуючым паўстанцкімі войскамі ў ВКЛ замест хворага Міхала Вяльгорскага. У сярэдзіне жн. 1794 М. прыбыў пад Берасце. Меркаваў сканцэнтраваць войскі ВКЛ у 2 дывізіях: каля Берасця і паміж Берасцем і Гародняй, каб не даць магчымасці рас. войску фарсіраваць Буг. Аднак дрэнны стан арміі ВКЛ прымусіў М. 5.9.1794 падаць рапарт пра адстаўку. Касцюшка просьбу М. не задаволіў і параіў яму даць бітву, 29.9.1794 прыбыў у Гародню, дзе ўручыў М. залаты пярсцёнак з надпісам «Айчына свайму абаронцы». Пасля паражэння пад Мацяёвіцамі М. не планаваў наступальных дзеянняў і адвёў войска ВКЛ пад Варшаву. У кастр. 1794 падаў у адстаўку. Пасля паражэння паўстання жыў у Італіі, пасля вярнуўся ў Варшаву.

Літаратура:

Listy Kościuszki do jenerała Mokronowskiego i innych osób pisane / Zebrał Ł.Siemieński. Lwów, 1877.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.