Артыкулы: Максімілян Габсбург (Maximilianus Habsburg)
Максімілян Габсбург (MaximilianusHabsburg; 12.10.1558, Венер Нойштад, Аўстрыя—2.11.1618), вялікі магістр Тэўтонскага ордэна з 1590, намінальны кароль польскі і вялікі князь літоўскі. Сын імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміляна ІІ. З дзяцінства прыў прызначаны для духоўнага звання. У 1585 прызначаны кад’ютарам вял. магістра Тэўтонскага ордэна Генрыха фон Бобенгаўзена і адразу распачаў стрэчку за ўжыванне тытула і прэрагатывы ў ордэне. Барацьба з Бобенгаўзенам скончылася заключэннем у 1590 угоды, на моцы якой М. атрымаў фактычную ўладу ў ордэне. Пасля смерці караля польскага і вял. князя літоўскага Стафана Баторыя (1586) М. выставіў сваю кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай, заручыўся падтрымкай імператара, рымскага папы і іспанскага караля. 18.8.1587 частка польскіх паслоў абрала каралём Жыгімонта Вазу, на што не пагадзіліся прадстаўнікі ВКЛ. 22.8.1587 літвіны і частка палякаў (групоўка Збароўскіх) абралі каралём і вял. князем М., які тэрмінова выехаў з Вены. 27.9.1587 у Оламаўцы ён прынёс прысягу і прыняў каралеўскі і вялікакняжацкі тытулы. М. меў недастаткова ўзброенай сілы, каб захапіць Кракаў, дзе трымаў абарону яго праціўнік, каронны канцлер Ян Замойскі, таму адышоў да сілезскай граніцы, а ў Кракаве каранаваўся Жыгімонт Ваза. Адчуваючы перавагу, Замойскі з арміяй рушыў на М., які быў вымушаны адступіць на тэрыторыю Свяшчэннай Рымскай імперыі, пад Бычыну. 23—24.1.1588 войскі М. былі разбіты, а ён сам зняволены. У сак. 1589 было заключана пагаднення з імператарам, які абавязаўся не дапамагаць Маскоўскай дзяржаве супраць Рэчы Паспалітай, а М. атрымаў свабоду, адмаўляючыся ад тытула караля польскага і вял. князя літоўскага. У ліп. 1589 М. атрымаў волю, з’ехаў у Прагу, дзе, аднак, працягваў карыстацца каралеўскім тытулам (канчаткова адмовіўся ад яго ў 1598). У 1593 прызначаны імператарскім намеснікам у Шцірыі, ваяваў з туркамі ў Харваціі і Венгрыі. З 1595 рэгент Ціроля, у 1602 атрымаў яго ва ўласнасць ад брата — імператара Рудольфа ІІ. Кіраваў выпрацоўкай новага статута Тэўтонскага ордэна, які зацверджаны генеральным капітулам 1606.
Літаратура:
Wimmer J. Odparcie najazdu arcyksięcia Maksymiliana w 1587—1588 roru. Warszawa, 1955;
Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy: stosunki polsko-litewskie w latach 1569—1588. Warszawa, 2002.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне