Артыкулы: Малiноўскi Мiкалай
Малiноўскi Мiкалай (18.12 або 10.9.1799, в. Махноўка Брацлаўскага пав.—29.6.1865), гiсторык, выдавец гістарычных крыніц. З 1820 вучыўся ў Вiленскiм ун-це. У лiст. 1823—крас. 1824 зняволены за ўдзел у таварыстве фiларэтаў. З 1826 працаваў у Пецярбургу ў архiве Польскага аддзела Iмператарскай публiчнай бiблiятэкi. У 1829 вярнуўся ў Вiльню, працаваў у Радзiвiлаўскай камiсii (да 1840). Выдаў польскі пераклад П.Каханоўскага паэмы Т.Таса «Вызвалены Іерусалім» (1826), «Крынiцы польскай гiсторыi» (т. 2, 1844, з А.Пшаздзецкім), «Хронiку» М.Стрыйкоўскага (т. 1—2, 1846), пераклаў i выдаў частку «Гiсторыі Кароны Польскай i Вялiкага княства Лiтоўскага» Б.Вапоўскага (т. 1—3, 1847—48), «Помнікі аб даўняй Польшчы з часоў Жыгімонта Аўгуста, якія ахопліваюць лісты Я.Ф.Камедоні да К.Барамея» (т. 1—2, 1847—51), творы С.Ласкага (1864). Аўтар дзённіка (выд. ў 1914 і 1921), успамінаў (1907). Чл. Віленскай археалагічнай камісіі, рэдагаваў яе «Записки» (1856, ч. 1; 1858, № 1, з А.Г.Кіркорам). Друкаваўся ў час. «Dziennik Wileński», «Teka Wileńska», «Dzieje dobroczynności krajowej i zagranicznej», газ. «Виленский вестник».
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне