Артыкулы: Папэ (Papée, Pappè) Фрыдэрык
Папэ (Papée, Pappè) Фрыдэрык (4.6.1856, г. Золачаў, Украiна—20.10.1940), польскi гiсторык. З сям’i французскiх эмiгрантаў. Акад. Польск. АН (1920), праф. звычайны (1920). Вучыўся ў Львоўскiм i Венскiм ун-тах. Працаваў у б-ках Львова. Адзiн з заснавальнiкаў Львоўскага гiст. таварыства, рэдактар час. «Kwartalnik historyczny», 1904—05). У 1905—26 дырэктар Ягелонскай б-кi ў Кракаве, у 1929—30 намеснік дырэктара Б-кi Чартарыйскiх, у 1927—33 інспектар Б-кi Польск. АН. Вывучаў гiсторыю Польшчы i ВКЛ часоў Ягелонаў. У манаграфii «Польшча i Лiтва на пераломе сярэднiх вякоў. Т. 1. Апошняе дванаццацiгоддзе Казiмiра Ягелончыка» (1903) разгледзеў дзярж. лад, унутраную i знешнюю палiтыку абедзвюх дзяржаў. Вывучэнне гэтых тэм працягнуў у працах «Ян Ольбрахт» (1936), «Аляксандр Ягелончык» (1949). Аўтар бiяграфiй «Жыццё гетмана Жулкеўскага» (1895), «Ян Длугаш» (1897), «Святы Казiмiр, каралевiч польскi» (3 выд., 1933). Выдаў зборнiк крынiц часоў панавання Аляксандра «Акты Аляксандра, караля польскага, вялiкага князя лiтоўскага».
Творы:
Studia i szkice z czasów Kazimierza Jagiellończyka. Warszawa, 1907 (змешчана бібліяграфія прац П.);
Jagiellonowie a Moskwa // Kwartalnik historyczny. 1922. Z. 1;
O przywileju mielnickim dla senatu z r. 1501 // Księga pamiątkowa ku czci Oswalda Balzera. Lwów, 1925. T. 2.
Лiтаратура:
Dąbrowski J. Fryderyk Papée (1856—1940) // Kwartalnik Historyczny. 1939—45. R. 53.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


