Артыкулы: Радзівіл Жыгімонт Кароль
Радзівіл Жыгімонт Кароль (4.12.1591, г. Нясвіж—5.11.1642), дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын М.К.Радзівіла Сіроткі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме, ун-це Балонні. У 1612 уступіў у рыцарскі Мальтыйскі ордэн і ваяваў з туркамі ў Міжземнамор’і. Бацька заснаваў для яго Сталавіцкую камандорыю ордэна ў складзе маёнткаў Сталавічы і Пацейкі ў Новагародскім ваяв. Удзельнічаў у Хацінскай бітве 1621 з туркамі. У час Трыццацігадовай вайны 1618—48 з 1622 у арміі Габсбургаў ваяваў супраць пратэстанцкіх нямецкіх князёў, з 1623 камандуючы кавалерыяй Рэчы Паспалітай у імперскім войску. У 1625 узначаліў таксама Пазнанскую камандорыю Мальтыйскага ордэна. На вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 у 1628 выставіў уласны полк. Удзельнічаў у баях пад Смаленскам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Крайчы ВКЛ у 1633—38, падчашы ВКЛ у 1638—42, ваявода новагародскі з 1642; пасол на соймы 1625, 1626, 1632, 1633, 1635, 1637, 1639. Збудаваў у Сталавічах касцёл Яна Хрысціцеля з мураваным «ларэтанскім домікам» Дзевы Марыі, у інш. сваіх уладаннях — 4 уніяцкія царквы, касцёл у Дзераўной, шпіталі ў Сталавічах і Крошыне. У канцы жыцця падтрымліваў каралеўскі план арганізацыі ў Рэчы Паспалітай асобнага прыярату Мальтыйскага ордэна, які меўся ўзначаліць. Памёр у Італіі. Меў Дзераўную, Хатаву, Крошын, Калдычэва і Бярозавец у Новагародскім ваяв., Шыдловец у Польшчы.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


