Артыкулы: Радзівіл Кароль Станіслаў (27.11.1669—2.8.1719)

Радзівіл Кароль Станіслаў (27.11.1669, Кракаў—2.8.1719), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.К.Радзівіла. Вучыўся ў Люблінскім езуіцкім калегіуме, падарожнічаў па Аўстрыі, Італіі, Францыі, Нідэрландах. Выконваў дыпламатычныя даручэнні ў Англіі і Партугаліі. Канюшы ВКЛ у 1686—90, падканцлер ВКЛ у 1690—98, канцлер ВКЛ з 1698; пасол на соймы 1687, 1688, 1690, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1694 і 1700. Удзельнічаў у кампаніі 1688 супраць татараў і туркаў. З 1695 змагаўся з Сапегамі за права валодаць «Нойбургскімі маёнткамі». Узначальваў рух бел. шляхты супраць Сапегаў, якія былі разбіты ў Алькеніцкай бітве 1700. У час Паўночнай вайны 1700—21 выступіў супраць шведаў. Пад уражаннем ваенных поспехаў шведаў у 1706 перайшоў на бок шведскага караля Карла ХІІ і Станіслава Ляшчынскага, падпісаўся пад Альтранштацкім трактатам пра дэтранізацыю Аўгуста ІІ. Пасля Палтаўскай бітвы 1709 вярнуўся ў лагер прыхільнікаў Аўгуста ІІ і Пятра І. Далучыўся да Віленскай канфедэрацыі 1716. Імкнуўся займаць цэнтрысцкую пазіцыю ў барацьбе магнацкіх груповак за ўладу і карыстаўся сімпатыяй з боку шляхты, ад якой атрымаў мянушку Юстус («справядлівы»). З 1689 ардынат нясвіжскі і алыцкі, валодаў таксама мястэчкамі Глыбокае і Смаргонь у Ашмянскім пав., Карэлічы, Ішкалдзь, Грэск у Новагародскім ваяв., Бялынічы ў Аршанскім пав.; маёнткамі ў Берасцейскім ваяв., Літве і Польшчы. Трымаў Браслаўскае, Камянецкае, Крычаўскае і інш. стараствы. Заснаваў базыльянскі манастыр у Міры, збудаваў касцёлы ў Налібаках і інш. Вёў дзённікі, якія ахопліваюць 1684—87 і 1689—1718 (не надрукаваны). У шлюбе з Ганнай Кацярынай з Сангушак (гл. Радзівіл Г.К.) меў 7 дачок, сыноў Мікалая Крыштофа (14.8.1695—2.6.1715), ротмістра пяцігорскага, падстолія ВКЛ з 1711, а таксама Міхала Казіміра, Альбрыхта Станіслава, Станіслава Ежы, Людвіка Дамініка, Гераніма Фларыяна.

Літаратура:

Kucharskі Adam.Dośwіadczenіa przyszłego starosty człuchowskіego і kanclerza wіelkіego lіtewskіego Karola Stanіsława Radzwіła z młodzіeńczej peregrynacjі po Europіe (1684—1687) // Zapіskі Hіstoryczne. 2008. Z. 4.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.