Артыкулы: Радзівіл Мацей

Радзівіл Мацей (10.11.1749—2.9.1800), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, кампазітар, драматург. Сын Л.М.Радзівіла. Атрымаў дамашнюю адукацыю ў Нясвіжы. З канца 1770-х г. зблізіўся з віленскім ваяводам К.С.Радзівілам Пане Каханку. Падкаморы ВКЛ у 1786—90, кашталян віленскі з 1790; пасол на сойм 1780. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 перадаў у распараджэнне войска ВКЛ замкі, арсеналы і радзівілаўскую міліцыю, якімі распараджаўся як апякун малалетняга Д.Г.Радзівіла, за што атрымаў падзяку ад Чатырохгадовага сойма 1788—92. У 1793 у складзе Камісіі паліцыі ВКЛ. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады (чл. дэпутацыі публічнага скарбу). Дараваў асабістую волю сваім сялянам, якія прымалі ўдзел у паўстанні. У кастр. 1794, занепакоены радыкалізацыяй паўстання, выехаў у Галіччыну. Апошнія гады жыцця правёў у сваім маёнкту Паланэчка (Новагародскае ваяв.), які на пэўны час стаў культ. асяродкам у краі. Як драматург дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіжы была пастаўлена опера «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта Р., музыка Я.Д.Голанда). Пазней опера ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай версіі над назвай «Добры пан — бацька для падданых» і карысталася папулярнасцю да канца 1820-х г. У оперы апаэтызаваны людзі з народа, даводзілася неабходнасць аблягчыць долю сялян, паказана, што цяжкая сял. праца з’яўляецца асновай усеагульнага дабрабыту. У 1786 да імянін К.С.Радзівіла ў Альбе пад Нясвіжам пастаўлена опера «Войт альбанскага сялення» (лібрэта і музыка Р.), дзе асуджалася жорсткае абыходжанне з сялянамі. З інш. яго музычных твораў: дывертысмент, саната, серэнада, 6 паланэзаў. Пісаў вершы. У творчасці Р. сентыменталізм і класіцызм спалучаліся з перадрамантычнымі тэндэнцыямі. Валодаў маёнткамі ў Літве і Польшчы, на Беларусі — Паланэчкай, Крошынам і інш. У шлюбе з Эльжбетай Хадкевіч меў дачку і сына Канстанціна. Іл. гл. таксама ў т. 1, с. 148.

Творы:

Бел. пер. — Агатка, або Прыезд пана // Тэатральная Беларусь. 1993. № 4.

Літаратура:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в ХVІІІ в. Мн., 1992;

Яе ж. Нясьвіжскі маэстра // Мастацтва. 1994. № 3;

Яе ж. Опера «Агатка» і яе месца ў еўрапейскай культурнай прасторы // Там жа. 1995. № 9.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.