Артыкулы: Радзівіл Мікалай (каля 1470—1521)
Радзівіл Мікалай (каля 1470—1521), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.Радзівіла Старога. Крайчы ВКЛ у 1488—93, падчашы ВКЛ у 1493—1505, маршалак вялікі ў 1505, ваявода троцкі ў 1505—10, ваявода віленскі і канцлер ВКЛ з 1510. Удзельнічаў у войнах ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1500—03, 1507—08 і 1512—22, у бітве на Вядрошы 1500, Клецкай бітве 1506 з татарамі. У 1515 узначальваў пасольства ВКЛ на з’ездзе Ягелонаў і Габсбургаў у Пожані (Браціславе) і Вене. У 1518 атрымаў ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміляна І тытул князя «на Ганязі і Мядзеле». Меў шматлікія маёнткі ў Літве (Шырвінты, Кейданы, Упнікі, Солы і інш.), на Падляшшы (Ганязь, Райгорад, Кнышын), Хоўхлу і Хаценчыцы каля Маладзечна, трымаў Бабруйскую вол., Бельскае стараства. У шлюбе з Эльжбетай Саковіч меў 3 дачок, сыноў Яна, Мікалая і Станіслава.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


