Артыкулы: Радзівіл Юрый (14.12.1578—13.2.1613)
Радзівіл Юрый (14.12.1578—13.2.1613), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын новагародскага ваяводы М.Радзівіла. Вучыўся ў Страсбургу, Базелі, падарожнічаў па Германіі, Швейцарыі. Дзякуючы падтрымцы свайго апекуна К.Радзівіла Перуна ў 1589 стаў старастам мазырскім, у 1590 — дзяржаўцам анішкінскім. Кашталян троцкі з 1600, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1599 і 1605. Шчыры кальвініст, удзельнічаў у заключэнні паліт. саюза паміж пратэстантамі і праваслаўнымі, скіраванага супраць контррэфармацыі і царк. уніі. На чале ўласных атрадаў прыняў удзел у антыкаралеўскім Зэбжыдоўскага рокашы 1606—09. Валодаў маёнткам Дубінкі ў Віленскім ваяв., Беліца, Дакудава, Ліпічава, Жырмуны ў Лідскім пав., Жупраны, Гняздзілавічы, Вольберавічы ў Ашмянскім пав., Індура ў Гарадзенскім пав., Лунін, Пагост у Новагародскім пав. і інш. У шлюбе з Соф’яй Збароўскай не меў дарослых дзяцей, яго маёнткі перайшлі ў спадчыну да стрыечных братоў Януша і Крыштофа.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


