Артыкулы: Радзівіл Осцікавіч

Радзівіл Осцікавіч (?—1477), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Старэйшы сын баярына Осціка (гл. ў арт. Осцікавічы), родапачынальнік роду Радзівілаў. У 1420—28 упамінаецца як маршалак гаспадарскі вял. кн. Вітаўта. Як сведка падпісаў акт уніі ВКЛ з Польшчай 15.10.1432. Маршалак земскі (вялікі) у 1433—34 і 1463—74. Пасля гібелі вял. кн. Жыгімонта Кейстутавіча Р.О. падтрымаў абранне на трон Казіміра ІV (1440). Хутка атрымаў ад яго пасады маршалка гаспадарскага і дзяржаўцы анікштынскага. У 1441 быў паслом да караля польскага і венгерскага Уладзіслава ІІІ з мэтай забяспечыць прызнанне ўлады Казіміра ў ВКЛ. У 1445 удзельнічаў у выправе ў Вял. княства Маскоўскае супраць Дзмітрыя Шамякі, каб дапамагчы маскоўскаму вял. кн. Васілю ІІІ аднавіць сваю ўладу. Удзельнічаў у заключэнні мірнага дагавора паміж ВКЛ, Польшчай і Нямецкім ордэнам у Растэнбургу (1448). У 1449 з дапамогай Васіля ІІ паспяхова дзейнічаў супраць мяцежнага кн. Міхала Жыгімонтавіча, адваяваў Старадуб, Ноўгарад-Северскі, Радагашч, Поціўль, Бранск. З Кіева войска Р.О. рушыла ў Крым, дзе на трон быў вернуты саюзны ВКЛ хан Хаджы-Гірэй. У 1-й пал. 1450-х г. Р.О. узначаліў магнацкую апазіцыю супраць вял. кн. Казіміра і быў ёй прапанаваны як кандыдат на велікакняжацкі трон. Выехаў за падтрымкай да хана Залатой Арды Сеід-Ахмеда, але той быў разбіты Хаджы-Гірэем, а паранены Р.О. трапіў у палон. У 1455 вярнуўся ў ВКЛ, дзе быў пазбаўлены ўсіх пасад. Пасля адышоў ад апазіцыі, зноў стаў маршалкам земскім, адначасова з 1463 ваявода троцкі і з 1475 кашталян віленскі. Разам з М. і Я. Кезгайламі кіраваў ВКЛ у час адсутнасці ў дзяржаве вял. князя. У 1470-х г. узначальваў дэлегацыі на перагаворах па памежных спрэчках з Псковам і Інфлянцкім ордэнам. Валодаў маёнткамі ў Літве (Біржы, Кейданы, Муснікі, Шырвінты, Упнікі і інш.), Нягневічамі пад Новагародкам, Харашэвічамі пад Слонімам, Бостынем на Піншчыне. Меў дачку Ганну, сына Мікалая (Старога).

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.