Артыкулы: Баброк-Валынскі (Боброк-Волынский) Дзмітрый Міхайлавіч
Баброк-Валынскі (Боброк-Волынский) Дзмітрый Міхайлавіч (?—пач. 15 ст.), князь, ваенны і дзярж. дзеяч Маскоўскай дзяржавы. Паходзіў з валынскіх князёў, магчыма, Астрожскіх. У 1360-я г. выехаў у Маскву на службу да вял. кн. Дзмітрыя Іванавіча, ад якога атрымаў чын баярына, ажаніўся з яго сястрой Ганнай. У 1371 разбіў пад Скарнішчавам войска разанскага кн. Алега Іванавіча, у 1376 — булгарскіх князёў Асана і Махмет-Салтана. У 1372 удзельнічаў у перагаворах з пасламі вял. князёў ВКЛ Альгерда і Кейстута. Зімой 1379—80 разам з князямі Уладзімірам Андрэевічам Серпухаўскім і Андрэем Альгердавічам удзельнічаў у паходзе на гарады Трубчэўск і Старадуб у ВКЛ, у час якога на бок Масквы перайшоў кн. Дзмітрый Альгердавіч. У Кулікоўскай бітве 1380 разам з кн. Уладзімірам Андрэевічам Серпухаўскім узначальваў засадны полк рус. войск, атака якога вырашыла зыход бітвы. У канцы жыцця прыняў манаства.
Літаратура:
Кузьмин А.В. Родословная князя Дмитрия Михайловича Боброка-Волынского // Дмитрий Донской и эпоха возрождения Руси. Тула, 2001.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне