Артыкулы: «Скарбніца грамат»

«Скарбніца грамат» («Скарбніца грамат папскіх, імператарскіх, каралеўскіх, княжацкіх, нацыянальных ухвал, пастаноў розных улад і ўрадаў, якія служаць крытычнаму высвятленню гісторыі Літвы, Літоўскай Русі і суседніх краін», «Skarbiec dyplomatów papiezkich, cesarskich, królewskich, książecych, uchwał narodowych, postanowień różnych władz i urzędów posługujących do krytycznego wyjaśnienia dziejów Litwy, Rusi litewskiej i ościennych im krajów») — зборнік гістарычных крыніц па гісторыі Літвы і ВКЛ са старажытных часоў да Люблінскай уніі 1569.

Складзены І.М.Даніловічам на польскай мове, выдадзены пасмяротна Я.Сідаровічам пры ўдзеле М.Круповіча ў 2 тамах у Вільні ў 1860—1862. У прадмове Сідаровіч ахарактарызаваў змест выдання, працу Даніловіча над зборнікам, змясціў біяграфію Даніловіча і спіс яго прац. Ва ўступе Даніловіч даў нарыс найдаўнейшых звестак пра стараж. балтаў і літоўцаў, у якім прывёў паведамленні Герадота, Піфея, Дыядора Сіцылійскага, Страбона, Пампонія Мелы, Плінія Старэйшага, Тацыта, Пталамея, Аміяна Марцэліна, Іардана і інш. аўтараў, зрабіў спробу атаясаміць старажытныя народы з балтамі і славянамі.

У асноўнай частцы зборніка змешчаны 2383 дакументы з 824 да 1569, у асноўным у выглядзе рэгестаў — кароткага пераказу зместу, некаторыя надрукаваны цалкам (большасць у перакладзе на польскую мову). Сярод змешчаных дакументаў лісты і граматы рымскіх пап, імператараў Свяшчэннай Рымскай імперыі, каралёў, вялікіх князёў літоўскіх Міндоўга, Гедзіміна, Альгерда, Ягайлы, Вітаўта, Свідрыгайлы, Жыгімонта Кейстутавіча, Казіміра Ягелончыка, Аляксандра, Жыгімонта Старога, Жыгімонта Аўгуста, князёў Карыбута, Скіргайлы, Аляксандра Уладзіміравіча і інш., вялікіх магістраў, магістраў, комтураў і інш. службовых асоб Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. Сярод матэрыялаў зборніка пераважаюць дакументы палітычнага характару, дыпламатычная перапіска, ёсць даравальныя граматы, граматы гарадам на магдэбургскае права, агульназемскія прывілеі, мірныя дагаворы, акты дзяржаўных уній ВКЛ і Польшчы, асобныя паведамленні з летапісаў. Дакументы змешчаны ў храналагічным парадку. Пасля кожнага дакумента паказана месца яго зберагання, наяўнасць арыгінала, копій, месца ранейшых публікацый ці ўпамінання, некаторыя дакументы забяспечаны вялікімі каментарыямі археаграфічнага і гістарычнага зместу (адзначаны матэрыял, наяўнасць пячатак, асаблівасці датавання, знаёмства з дакументам ранейшых гісторыкаў і г.д.). Дакументы паходзяць з дзяржаўных архіваў Вільні, Кёнігсберга, Кіева, Масквы, Санкт-Пецярбурга (у т.л. з Метрыкі ВКЛ), з прыватных збораў, узяты з ранейшых публікацый. Паказальнікі адсутнічаюць. Зборнік захоўвае навуковае значэнне, бо некаторыя дакументы загінулі або не перавыдадзены.

Падрабязнасці:

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973. 303 с., ил. (С. 59—62).

Голубеў В.Ф. «Скарбніца грамат» Ігната Даніловіча як публікацыя крыніц па палітычнай і сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі (да Люблінскай уніі) // Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 3. Мінск, 2002. 275 с. (С. 36—42).

© Валерый Пазднякоў, 2001+

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.