Артыкулы: Скарбовы трыбунал

Скарбовы трыбунал, адміністрацыйная і судовая ўстанова ў ВКЛ, якая ажыццяўляла кантроль за даходамі і расходамі дзяржаўнага скарбу, разглядала справы, звязаныя з нявыплатай падаткаў дзяржаве. Бярэ пачатак ад утворанай на сойме 1591 Скарбовай камісіі ВКЛ, якая павінна была разлічыць польных пісараў, спадкаемцаў памерлых падскарбіяў, паборцаў і шафараў па ўсіх грашовых разліках, пачынаючы з часоў караля Стафана Баторыя [1576—86]. У склад камісіі ўвайшлі вял. падскарбі ВКЛ, 4 сенатары і па 1 прадстаўніку з кожнага ваяводства ВКЛ. Пераемніцай камісіі стала створаная ў 1598 дэпутацыя з 2 сенатараў і 2 соймавых паслоў, якая павінна была рэвізаваць скарб ВКЛ, пачынаючы з разлікаў 1591. Соймам 1613 у Вільні створаны С.т. з тымі ж функцыямі, якому даручана выбраць даўгі ў скарб ВКЛ з правам судзіць даўжнікоў па справах з 1609. У склад С.т. ўвайшлі падскарбі, 6 сенатараў і прадстаўнікі ад ваяводстваў (некаторых з іх абралі ўжо на сойме, астатнія былі выбраны на мясц. сойміках). У часы Жыгімонта ІІІ С.т. склікаўся ў 1613, 1621, 1626, 1629 (двойчы) і 1631, у часы Уладзіслава ІV — у 1633, 1634, 1635 і 1647. Засядаў С.т. у Вільні, у яго рабоце прымалі ўдзел прадстаўнікі войска. Судзіў справы, якія датычылі войска, разглядаў скаргі цывільных на вайскоўцаў і наадварот, ажыццяўляў канфіскацыю тавараў і інш. Войска давала справаздачу С.т. па сваіх грашовых даходах і расходах. У 1726 пастановай Гарадзенскага сойма частка функцый С.т. перададзена Трыбуналу Вялікага княства Літоўскага. С.т. скасаваны з утварэннем у 1764 Скарбовай камісіі Вялікага княства Літоўскага.

Літаратура:

Filipczak-Kocur F. Skarb litewski za pierwszych dwu Wazów, 1587—1648. Wrocław, 1994.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.