Артыкулы: Скарульскi Антонiй Адам

Скарульскі Антоній Адам (22.11.1715—28.1.1777) — філосаф, педагог.
З шляхецкага роду герба «Касцеша» змененая з мясцовасці Скарулі ў Ковенскім павеце.
Уступіў у ордэн езуітаў 20.8.1730, два гады правёў у навіцыяце ў Вільні. Вывучаў філасофію ў калегіуме езуітаў у Нясвіжы (1733—1736). Тры гады праходзіў педагагічную практыку ў Віленскай акадэміі, пасля вывучаў там тэалогію (1739—1741), потым тэалогію і матэматыку ў Варшаве (1741—1743), дзе 13.4.1742 прыняў святарскі сан. У Вільні прайшоў трэцюю прабацыю (1743—1744). Вывучаў рыторыку і паэтыку ў Дынабургу (1744—1745), рыторыку ў Крожах (1745—1746). Прапаведнік у Дынабургу, місіянер у Лаўкесе ў Курляндыі (1746—1747), міністр калегіума ў Коўне (1747—1748). У 1749 служыў у Гільзенаўскай місіі ў Інфлянтах, быў тэолагам смаленскага біскупа Юрыя Мікалая Гільзена.
Выкладаў у Коўне філасофію, этыку, геаметрыю, гісторыю, быў прэфектам ніжэйшай школы (1749—1751), прапаведнікам, прэфектам школы, выкладаў геаметрыю і ўсеагульную гісторыю (1751—1752). Выкладаў філасофію ў Віленскай акадэміі (1752—1755). Атрымаў там ступень доктара вольных мастацтваў і філасофіі (1752). У Ілукшце быў прапаведнікам, прэфектам школы, выкладаў геаметрыю (1755—1757). У Коўне быў прапаведнікам, прэфектам школы, прэфектам семінарыі, бібліятэкарам (1757—1759). У Віленскай акадэміі выкладаў схаластычную (дагматычную) і пазітыўную тэалогію, быў дэканам філасофскага факультэта, прэфектам садаліцыі старэйшых вучняў (1759—1760). Атрымаў ступень доктара тэалогіі (1759). У Новагародку выкладаў тэалогію, быў рэктарам калегіума (1760—1764), у мясцовасці Востраў пабудаваў драўляную капліцу. Быў рэктарам Ковенскага калегіума (1764—1765), рэктарам Калегіум Нобіліум у Вільні (1765—1766). У 1766—1772 узначальваў Літоўскую правінцыю ордэна езуітаў. З 1772 рэктар Віленскай акадэміі. Пасля скасавання ордэна (1773) заставаўся рэктарам да 1774. Атрымаў ступень доктара кананічнага права (1774). У 1774 быў дэканам тэалагічнага факультэта, выкладаў таксама прыродазнаўства. У 1774 атрымаў ад караля Станіслава Аўгуста прывілей на пасаду каноніка Віленскага біскупства, але капітула не дапусціла яго да пасады.
Кніга С. «Commentariolum» (1755) стала падручнікам ў езуіцкіх навучальных установах, прычынілася да распаўсюджання навейшай філасофіі і прыродазнаўства (але С. не прызнаваў геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка). С. поруч з Бенедыктам Дабшэвічам быў найбольш выбітным філосафам ВКЛ 18 ст.
Памёр у Вільні.
Творы:
Commentariolum Philosophiae, Logicae scilicet, Metaphysicae, Physicae Generalis et Particularis a P. Antonio Skorulski Societatis Jesu ... : ex variis cum veterum tum recentiorum placitis collectae dictatae repetitaeque multoties certamine publica in luce Almae Academiae et Universitatis Vilnensis toto triennio propugnatae. Vilnae: typis S. R. M. academicis, 1755. [24], 235 p.
Комментарии по философии, или логике, то есть метафизике, общей и специальной физике. Вильна, 1755 // Памятники философской мысли Белоруссии XVII—первой половины XVIII в. Мн., 1991.
Падрабязнасці:
Darowski Roman. Skorulski Antoni Adam // PSB. T. 38/2. S. 270—272.
Wasik W. Historia filozofii polskiej. T. 1. Warszawa, 1958.
Бирило А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII—середине XVIII в. Мн., 1971.
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971.
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917). Мн., 1973.
Цукерман А.Я. Философская мысль в Белоруссии середины XVIII в. Мн., 1980.
Darowski Roman. Poglądy filozoficzne Antoniego Skorulskiego. Kraków, 1996.
Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. У шасці тамах. Том 4. Асветніцтва. Мінск: Беларуская навука, 2017. 431 с.
© Валерый Пазднякоў, 2001+
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


