Артыкулы: Скіргайла


Скіргайла (хроснае імя Іван; каля 1355—10.1.1395) — князь полацкі (1377—1381), троцкі (1382—1392), кіеўскі (з 1393), намеснік Ягайлы ў ВКЛ.

Бацька: Альгерд (?—1377), вялікі князь літоўскі. Маці: Ульяна Аляксандраўна (?—вясна 1392), дачка вялікага князя цверскага Аляксандра Міхайлавіча (1300—1339). Браты: Карыбут, Лугвен, Ягайла, Карыгайла, Мінігайла, Вігунт, Свідрыгайла

Пры жыцці бацькі ўдзельнічаў у выправах на Інфлянты (1374), Прусію (1375).

Стаўшы ў 1377 вялікім князем літоўскім, Ягайла прыбраў з Полацка свайго зводнага брата Андрэя Альгердавіча і пасадзіў там Скіргайлу (у 1387 Ягайла сведчыў, што Полацк быў вызначаны для Скіргайлы іх бацькам Альгердам). У 1379 Скіргайла падарожнічаў па Еўропе. Наведаў Прусію (Марыенбург), дзе паведаміў вялікаму магістру пра сваі планы паехаць да караля Венгрыі і Польшчы Людвіка, рымскага караля Вацлава Люксембургскага, папы Урбана VI. Невядома, як прайшла паездка. Вярнуўся ў Полацк у 1380. У 1381 палачыне выгналі яго з горада, бо не жадалі мець князя-язычніка. Ягайла накіраваў на мяцежны Полацк войска на чале са Скіргайлам, якое падмацаваў атрадам з Інфлянтаў магістр Вільгельм фон Фраймершгайм. Аблога Полацка (3.8—16.11.1381) скончылася безвынікова, хоць у яе час Скіргайла прыняў праваслаўе і імя Іван. На вестку пра тое, то Кейстут скінуў Ягайлу, войска Скіргайлы перайшло на бок Кейстута, а сам Скіргайла ўцёк у Інфлянты. Уладу у Полацку ізноў узяў кн. Андрэй. Улетку 1382 Скіргайла далучыўся да Ягайлы, удзельнічаў у аблозе Кейстута ў Троках. Як пасол да Кейстута і яго сына Вітаўта абяцаў ім бяспеку ў час перамоваў у Вільні. Аднак асабіста адвез зняволенага Кейстута ў Крэўскі замак, дзе той быў забіты. Скіргайла атрымаў ад Ягайлы ўладанне Кейстута — Троцкае княства. У 1382 удзельнічаў у перамовах Ягайлы з кіраўнікамі Ордэна на Нёмане, калі Ордэну была аддадзена Жамойць, а князі ВКЛ абяцалі хрысціцца на працягу 4 гадоў. У гэты час Скіргайла быў найбліжэйшай асобай да Ягайлы. 15.4.1383 Ягайла са Скіргайлам выдалі прывілей мяшчанам Любліна на вольны гандаль у ВКЛ. Скіргайла ўдзельнічаў у заключэнні Крэўскай уніі 1385 з Польскім каралеўствам. У 1385 разбіты ў баю з крыжакамі пад Коўна. У 1385 кааліцыя полацкага кн. Андрэя, Пскова, Смаленска, Масквы і крыжакоў пачала ваенныя дзеянні супраць Ягайлы. Той паслаў з Кракава супраць кааліцыі войска на чале са Скіргайлам і Лугвенем. У Мсціслаўскай бітве 29.4.1386 Скіргайла разбіў войска вялікага князя смаленскага Святаслава, пасля захапіў Смаленск. Увесну 1387 Скіргайла захапіў Полацк, кн. Андрэй быў узяты ў палон.

28.4.1387 Ягайла пацвердзіў валоданне Скіргайлам Троцкім і Полацкім княствамі, а таксама даў шматлікія іншыя землі: Менск, Свіслач, Бабруйск, Рэчыцу, Прапошаск, Любашаны, Ігумен, Лагойск, Лебедзева і інш.[1] 18.6.1387 у Лідзе Скіргайла прысягнуў Ягайлу са сваіх уладанняў, якія ў выпадку яго бяздзетнай смерці мелі перайсці каралю Ягайле, каралеве Ядвізе і Кароне Польскай[2]. У 1387 Скіргайла заключыў дамову ад свайго імя і імя Ягайлы з інфлянцкім магістрам Робінам фон Эльцэ.

З 1388 пачалося супрацьстаянне Скіргайлы з Вітаўтам. 29.5.1389 Скіргайла і Вітаўт пры пасярэдніцтве Ягайлы заключылі ў Любліне акт згоды. Увосень 1389 Вітаўт, не атрымаўшы Трокі, зрабіў спробу захапіць Вільню; гэты напад адбіў кн. Карыбут. Вітаўт 10.1.1390 заключыў ленны саюз з крыжакамі, што справакавала новую вайны паміж імі і Ягайлам. У 1390 крыжакі зрабілі спробу захапіць Вільню, паўторна ў 1391. Ягайла быў вымушаны пайсці на заключэнне Востраўскага пагаднення 1392. Вітаўт атрымаў былыя ўладанні свайго бацькі Кейстута. Узамен ён абяцаў Скіргайлу дапамогу ў захопе Кіеўскага княства. 6.12.1392 у Белзе Вітаўт і Скіргайла дамовіліся пра сумесныя дзеянні; Скіргайла атрымаў дадаткова Крамянец і Сточак на Валыні. Узімку 1393 Вітаў і Скіргайла зрабілі выправу на Віцебск, дзе пасля смерці в.кн. Ульяны княжыў Свідрыгайла, захапілі яго ў палон. Увесну 1393 Вітаўт вырушыў на Кіеўскае княства, захапіў Жытомір і Оўруч. У верасні 1393 быў захоплены Кіеў кн. Уладзіміра Альгердавіча. У канцы 1393 Скіргайла з рушыў на дапамогу Вітаўту на Падолле. Відаць, у канцы 1394 Скіргайла атрымаў ад Вітаўта Кіеўскае княства.

Паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», Скіргайла быў атручаны ў Кіеве манахам Фамой Ізуфавым, мітрапаліцкім (Кіпрыяна) намеснікам у Кіеве.

Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры ва Успенскім саборы.

Звестак пра жонку Скіргайлы няма. Прыпушчальна меў дачку.

Падрабязнасцт:

Wasilewski Tadeusz. Skirgiełlo (Skerdejko, Skyrogaiło) Olgierdowicz // PSB. 1998. T. 38/2. S. 167—170.

Клепатский П.Г. Очерки по истории Киевской земли. Том I. Литовский период. Одесса, 1912. XLIII, 599 с., карты.

Nikodem Jarosław. Rola Skirgiełły na Litwie do 1394 roku //Scripta minora. T. 2. Poznań, 1998. S. 83—129;

Nikodem Jarosław. Uposażenie młodszych Olgierdowiców. Przyczynek do biografii Skirgiełły // Białoruskie Zeszyty Historyczne = Беларускі гістарычны зборнік. 15. Białystok, 2001. 5—25.

Nikodem Jarosław. Charakter rządów Skirgiełły i Witolda na Litwie w latach 1392–1394 // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica. XI. Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2005. S. 153—163.

Tęgowski Jan. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. (Biblioteka Genealogiczna. Tom 2). Poznań; Wrocław: Wydawnictwo Historyczne, 1999. 320 s.

Матузова В.И. Борьба за Полоцк в «Новой прусской хронике» Виганда Марбургского // Норна у источника судьбы. Сборник статей в честь Елены Александровны Мельниковой. М.: Индрик, 2001. С. 254—258.

Sajauskas Stanislovas. Skirgailos vasalinės lietuviškos monetos // Kulturos barai. 2008. Nr 9. P. 98—102, pav.

Лицкевич О.В. Документы по истории Менской земли за 1386—1393 гг.: перевод и комментарий // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі (да 510-годдзя атрымання Менскам магдэбургскага права). Матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Мінск, 4—5 верасня 2009 г. Мінск: Беларуская навука, 2010. С. 8—15.

Ліцкевіч Алег. Атручэнне князя Скіргайлы ў Кіеве (1395 год). Гістарычны каментарый і праблема аўтарства другой часткі “Летапісца вялікіх князёў літоўскіх” // Архэ. 2012. № 3. С. 8—52.

Лицкевич О.В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. СПб.: Дмитрий Буланин, 2019. (Studiorum slavicorum orbis; вып. 16). 926 с., ил.

Микульский Ю.Н. Призабытая полоцкая грамота князя Скиргайла 1387—1393 гг. (по случаю переиздания «Полоцких гамот») // Беларуская даўніна. Выпуск 3. Мінск: Выдавец А.М.Вараксін, 2016. С. 271—276.

Полехов С.В., Городилин С.В. К вопросу о псковской купле князя Скиргайла // Комплексный подход в изучении Древней Руси. Материалы Х Международной научной конференции. 9—13 сентября 2019 года, Москва, Россия. М., 2019. С. 159.

Полехов С.В., Городилин С.В. Когда князь Скиргайло купил землю во Пскове? // Средневековая Русь. 14. М.: Индрик, 2020. С. 71—96.

© Валерый Пазднякоў, 2001+

[1] Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Частка першая. Мінск: Выдавецтва АН БССР, 1961. С. 49—52.

[2] Akta unji Polski z Litwą 1385—1791 / Wydali Stanisław Kutrzeba i Władysław Semkowicz. Kraków: Nakładem Polskiej Akademji Umiejętności i Towarzystwa Naukowego Warszawskiego, 1932. S. 14—15.

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.