Артыкулы: Слонiм

Слонiм (цяпер горад, цэнтр Слонiмскага р-на, Рэспублика Беларусь), горад, цэнтр Слонімскага павета, на р. Шчара пры ўпадзеннi ў яе р. Iса. Упершыню ўпамiнаецца пад 1252. Уваходзiў у Галiцка-Валынскае княства. З 2-й пал. 13 ст. ў складзе ВКЛ. Слонiмская харугва прымала ўдзел у Грунвальдскай бiтве 1410. Пасля Гарадзельскай унii 1413 С. уключаны ў Троцкае ваяв. Ад iмя вял. князя горадам кiраваў стараста (у 16 ст. слонімскімі старастамі былі Р.Валовіч, Л.І. і К. Сапегі і інш.). 20.1.1532 С. атрымаў магдэбургскае права, пацверджана ў 1591 (тады ж дадзены герб: залаты леў з сярэбраным гербам «Касцеша» на лапе ў блакiтным полi) i ў 1679, у 1776 скасавана. З 1558 у С. паводле прывiлея Жыгiмонта II Аўгуста праводзiлiся 2 кiрмашы штогод. У 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. ў С. збіраўся соймік галоўны ВКЛ. У горадзе існавалі Слонімскі кляштар бернардзінак, Слонімскі кляштар бернардзінцаў, кляштар бенедыкцінак, Слонімскі Андрэеўскі касцёл, сінагога.У вынiку вайны Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67 горад заняпаў. Эканам. ўздым С. звязаны з дзейнасцю слонiмскага старасты, гетмана М.К.Агiнскага, якi ў 2-й пал. 18 ст. заснаваў тут сваю рэзiдэнцыю, стварыў Слонiмскую друкарню, Слонiмскi тэатр Агiнскага, Слонімскую капэлу Агінскага, Слонімскую балетную школу, пабудаваў слонiмскiя мануфактуры i iнш. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. iмперыi.

Літаратура:

Милаковский М. Описание города Слонима. Гродно, 1891;

Романовский И.О. Положение гор. Слонима в Литовской державе. Гродно, 1895;

Яго ж. Прошлое из жизни города Слонима. Гродно, 1898;

Мелешко В.И. Слоним: Ист. очерк. Мн., 1962;

Караткевіч В.Б., Кулагін А.М. Помнікі Слоніма. Мн., 1983;

Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням. Мн., 1993;

Супрун В. За смугою часу. Мн., 1994.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.