Артыкулы: Багавіціны
Багавіціны, Багавіцінавічы, шляхецкі род герба «Пелікан». Родапачынальнік Багавіцін быў у 1431 сярод баяр ВКЛ, што паручыліся польскаму каралю Ягайлу за палонных літвінаў; у сярэдзіне 15 ст. атрымаў ад вял. князя ВКЛ Казіміра с. Казярады на Берасцейшчыне. У 16 ст. ўзніклі галіны роду: Багавіціны-Казярадскія, Багавіціны-Дабранізкія, Багавіціны-Калясніцкія, Багавіціны-Куценскія, Багавіціны-Шумскія і Багавіціны-Шумбарскія. Найб. вядомыя:
Леў Багавіцінавіч (?—пасля 1505), сын Багавіціна. Каля 1487 пачаў працаваць у канцылярыі ВКЛ. Пісар ВКЛ у 1487—1495, 1502—05, ключнік берасцейскі ў 1487—95, чашнік ВКЛ у 1501—05, намеснік (дзяржаўца) крамянецкі з 1502. Ад вял. князя ВКЛ Аляксандра ў 1497 атрымаў маёнткі Шчураўцы і Фамінцы на Брацлаўшчыне, у 1501 — с. Ворцель (Дакудава) у Берасцейскім пав., якое ператварыў у горад з магдэбургскім правам. Валодаў таксама маёнткамі Радванічы ў Берасцейскім пав., Навасёлкі і Неплі на Падляшшы, сёламі каля Браслава.
Богуш Багавіцінавіч (?—пасля 1505), сын Багавіціна. Гаспадарскі дваранін у 1487, намеснік пералайскі ў 1503—05. Меў маёнткі Шумск, Шумбар і інш на Валыні, Нарвідзішкі ў Віленскім ваяв., Казярады.
Пётр Багавіцінавіч (?—да 1523), сын Багавіціна. Валодаў маёнткамі Тур’я і Расолаўцы на Валыні.
Богуш Міхал (?—1530), сын Богуша Багавіцінавіча. Дзяк канцылярыі ВКЛ у 1499—1503, пісар ВКЛ з 1499, адначасова падскарбі земскі ВКЛ у 1509 і з 1520, маршалак гаспадарскі з 1510; намеснік (дзяржаўца) пералайскі ў 1500—05, жыжморскі ў 1508—09, доўгаўскі ў 1508—18, камянецкі з 1518, слонімскі з 1522, гараднічы троцкі ў 1506—07. У 1509 удзельнічаў у польскім паходзе на Малдову, у пасольстве ў Маскву, якую наведаў як пасол яшчэ ў 1517—18, 1520, 1522, 1526. Удзельнік Венскага кангрэса 1515. У 1518 прадстаўнік ВКЛ у пасольстве Э.Цёлка на германскі рэйхстаг у Аўгсбургу. Прадстаўнік Жыгімонта Старога на Віленскім сойме 1520. У 1513 разам з братамі атрымаў велікакняжацкае пацвярджэнне на маёнткі, якія былі дадзены іх продкам вял. князямі Вітаўтам і Казімірам. Валодаў маёнткамі Прамезі ў Троцкім пав., Азярніца і Блізна ў Слонімскім пав., Славяцічы, Даўгаброды, Сямацічы, Яблычна ў Берасцейскім пав., Орля, Тапчыкалы, Кашалі, Вярвенкі на Падляшшы, Берасцечка, Жукаў, Свінярын на Валыні і інш. У 1528 ставіў у войска ВКЛ 64 коннікаў. У шлюбе з Федзяй, дачкой кн. А.Сангушкі, меў дачок Ганну (жонка С.Тэнчынскага), Фядору (жонка пачаргова кн. Ф.Пронскага, ваяводы кіеўскага, М.Тшэбухоўскага, кашталяна гнезненскага, і М.Дзялынскага, падкаморага холмскага) і Ульяну.
Война Богушавіч (?—?), сын Богуша Багавіцінавіча. Валодаў маёнткамі Шумск і Казярады. Меў сыноў Тэадора і Яна.
Іван Богушавіч (?—да 24.5.1551), сын Богуша Багавіцінавіча. Стараста карнялаўскі ў 1527, дарагічынскі ў 1542, маршалак гаспадарскі з 1546, дзяржаўца даўгяльскі ў 1546, стараста крамянецкі ў 1548. Пасол у Маскву ў 1529. Меў маёнткі Шумск, Казярады, Душава, Вялешын, Ворцель (апошні набыў у 1526 у стрыечнага брата Багавіціна Львовіча). У 1528 ставіў у войска ВКЛ 15 коннікаў. Яго сын Стафан ад маёнтка Шумск зваўся Шумскім, а Бенядзікт — Шумскім і Казярадскім (Шумск, Казярады і Ворцель у 1573 падзяліў з братам Міхалам, маршалкам берасцейскім).
Багавіцін Пятровіч (?—пасля 1528), сын Пятра Багавіцінавіча. Крамянецкі гараднічы, войскі, мастаўнічы ў 1528. У 1523 прадаў маёнтак Расолаўцы князям Астрожскім. У 1528 ставіў у войска ВКЛ 14 коней. Ён і яго нашчадкі зваліся Багавіцінамі-Шумбарскімі. Відаць, яго сынамі былі браты Павел і Міхал, што жылі ў сярэдзіне 16 ст.
Вацлаў Паўлавіч (?—пасля 1596), сын Паўла Багавіцінавіча. Харужы валынскі ў 1593—96. У 1585 падзяліў Казярады з братам Янам і стрыечным братам Мікалаем Міхайлавічам. Быў жанаты з княжной Соф’яй Чартарыйскай. У 1595 купіў у сваіх шваграў Ю. і М.Чартарыйскіх маёнтак Сталавічы ў Новагародскім пав., які ў 1596 прадаў М.К.Радзівілу Сіротку.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне