Артыкулы: Багдан Анісімавіч
Багдан Анісімавіч (сярэдзіна 16 ст., Пінск—пасля 1601) — беларускі царкоўны спявак, кніжнік.
Паходзіў з Пінска. Быў вольнанаёмным спеваком у Супрасльскім манастыры. У 1630 уступіў у канфлікт з кцітарам манастыра Крыштофам Хадкевічам, пасля чаго пакінуў манастыр. Далейшы лёс невядомы.
Склаў Супрасльскі ірмалой 1601. Вызначаўся «навуковым» падыходам пры складанні ірамлоя, пазначаў, адкуль браў музычныя творы, на палях занатоўваў паходжанне напеваў, абавязкова адзначаў мясцовыя (складзеныя ў Супрасльскім манастыры). Цікавіўся грэчаскай царкоўнай музыкай, прывёў шмат грэчаскіх напеваў разам з тэкстамі на грэчаскай мове. Невядома, ці быў кампазітарам. Упрыгожыў рукапіс 5 манахромнымі (малінавага колеру) мініяцюрамі, 16 застаўкамі ў выглядзе рознакаляровай пляцёнкі балканскага тыпу. Для аздаблення першай старонкі ўжыў выразаную з кнігі гравіраваную застаўку Францыска Скарыны з выявай сонца і маладзіка.
Падрабязнасці:
Піхура Г. Багдан Анісімовіч // Божым шляхам. 1966. № 4 (97).
Конотоп А.В. Древнейший памятник украинского нотолинейного письма — супрасльский Ирмологион 1598—1601 гг. // Памятники культуры: Новые открытия: Письменность. Искусство. Археология: Ежегодник, 1974. М., 1975. С. 285—293, ил.
Пікарда Г. дэ. Царкоўная музыка на Беларусі, 989—1995. Мн., 1995.
Abijski Marcin. Bogdan Onisimowicz — śpiewak rodem z Pińska // Latopisy Akademii Supraskiej. Vol. 1. Prawosławni w dziejach Rzeczypospolitej. Białystok, 2010. S. 47—56, il.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне