Артыкулы: Уладзімір (цяпер Уладзімір-Валынскі)
Уладзімір (цяпер Уладзімір-Валынскі, укр. Володимир-Волинський, горад, цэнтр Уладзімір-Валынскага р-на, Украіна), горад, цэнтр Уладзімірскага пав., на р. Луга (правы прыток Зах. Буга). Упершыню ўпамінаецца пад 988. Быў цэнтрам Уладзіміра-Берасцейскай праваслаўнай епархіі. З 12 ст. цэнтр удзельнага Валынскага княства, з 1199 — Галіцка-Валынскага княства. Ва У. знаходзіўся драўляны замак. У 1340 заняты кн. Любартам, у 1349 — польскім каралём Казімірам ІІІ, па ініцыятыве якога заснавана Уладзімірская рымска-каталіцкая епархія. Пасля яго смерці (1370) У. далучаны да ВКЛ. У 1431 захоплены польскім войскам, аднак хутка вернуты ВКЛ. У 1469, 1491, 1495, 1499 на У. нападалі заволжскія і крымскія татары. У 15 ст. атрымаў гар. правы, 17.7.1509 — магдэбургскае права. Меў герб з выявай св. Георгія на кані, які кап’ём коле цмока. У 1554 пабудаваны драўляны касцёл св. Iаакiма і Ганны. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 у складзе Валынскага ваяв., цэнтр павета. У ходзе заключэння Люблінскай уніі 1569 У. разам з Валынню далучаны да Польскага каралеўства. У горадзе працавала школа пры епіскапскім саборы (пасля базыльянская, у 18 ст. называлася калегіумам, мела 6 класаў), у 17 ст. — друкарня. У пач. 17 ст. ва У. 10 рамесных цэхаў. У 1648 захоплены сялянска-казацкімі атрадамі, у 1653 — урадавым войскам Рэчы Паспалітай. З 1719 дзейнічала місія езуітаў, у 1762—73 — езуіцкая рэзідэнцыя. У 1751 касцёл св. Iаакiма і Ганны перададзены ордэну капуцынаў, у 1752 адбудаваны з цэглы пасля пажару. У 1755—66 пабудаваны мураваны езуіцкі касцёл (пасля 1773 базыльянскі), 1780 — мураваная уніяцкая капліца св. Iасафата Кунцэвіча. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.
Літаратура:
Теодорович Н.И. Город Владимир Волынской губернии в связи с историей волынской иерархии: Ист. очерк. Почаев, 1893;
Pawłowski W. Zamek Włodzimierski (Królewski) // Ziemia Wolyńska. 1939. № 3;
Терський С. Княже місто Володимир. Львів, 2010.
© Валерый Пазднякоў, 2006, 2014
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне