Артыкулы: Уладзімір Васількавіч

Уладзімір Васількавіч (у хрышчэнні Іаан; ?—10.12.1289), князь уладзіміра-валынскі. Сын уладзіміра-валынскага кн. Васількі Раманавіча. Пасля смерці бацькі (1269 або 1271) атрымаў паўн.-зах. Валынь з г. Уладзімір і Берасце. У.В. вёў паспяховую барацьбу з літ. і яцвяжскімі князямі. У 1273 ваяваў з яцвягамі і прымусіў іх князёў заключыць мір. У 1275 прыняў удзел у вял. паходзе галіцкага кн. Льва Данілавіча супраць вял. князя ВКЛ Трайдзеня. Пад Новагародкам У.В. даведаўся, што без яго ведама Леў Данілавіч з татарамі захапіў вакольны горад Новагародка, і таму вярнуўся ва Уладзімір. У 1276 разам з Львом Данілавічам захапіў Слонім і Турыйск з вакольнымі сёламі і пасля гэтага заключыў з Трайдзенем мір. У тым жа годзе заклаў г. Камянец з вежай як заслону ад нападаў літоўцаў. У 1277 татарскі хан Нагай паслаў да яго войска супраць Літвы. Даведаўшыся ў Берасці, што татары ўжо ў Новагародку, У.В. рушыў на Гародню, захапіў вежу перад гар. брамай і заключыў з гарадзенцамі мір. У 1279 на просьбу яцвяжскіх князёў паслаў ім з Берасця па Бугу караван жыта. З-за таго, што караван быў абрабаваны, У.В. пачаў вайну з мазавецкім кн. Конрадам і разбіў яго. У 1281 новая вайна з Конрадам скончылася для У.В. няўдачай. На наступны год арганізаваў паспяховы ваенны паход з Берасця на мазавецкага кн. Баляслава. Саюзнікамі У.В. выступілі літоўцы, якіх ён паслаў на кракаўскага кн. Лешку. Неўзабаве быў арганізаваны яшчэ адзін паход супраць Баляслава. У 1286 У.В. удзельнічаў у нападзе на Польшчу татар на чале з ханам Целебугам. У.В. вёў шырокае будаўніцтва, забяспечыў Берасце новымі ўмацаваннямі («зруби Берестии, … сзда столп камен высотою яко и каменецкыи»), збудаваў у горадзе царкву св. Пятра. Па словах летапісца, быў «кніжнік вялікі і філосаф».

Літаратура:

Пашуто В.Т. Очерки по истории Галицко-Волынской Руси. М., 1950;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.