Артыкулы: Ульрых фон Юнгінген (Ulrich von Jungingen)
Ульрых фон Юнгінген (Ulrich von Jungingen; каля 1460—15.7.1410), вялікі магістр Тэўтонскага ордэна ў 1407—10. Малодшы брат вял. магістра Конрада фон Юнгінгена. Відаць, уступіў у Тэўтонскі ордэн адначасова з ім каля 1380. З 1387 кампан вял. маршала Конрада фон Валенрода і заставаўся пры ім пасля абрання Валенрода вял. магістрам ордэна. Мяркуецца, што далейшае прасоўванне Ульрыха па іерархічнай лесвіцы адбывалася дзякуючы падтрымцы брата. З 1394 ордэнскі фогт Самбіі, з 1396 камтур Балгі і фогт Натангіі, з 1404 вял. маршал Тэўтонскага ордэна. 26.6.1407 на генеральным капітуле ордэна абраны вял. магістрам. Прыхільнік актыўных дзеянняў супраць аб’яднаных Крэўскай уніяй ВКЛ і Польшчай, для гэтага выступаў за мірныя адносіны са сакандынаўскімі дзяржавамі. У 1408 заключыў саюз дацкай каралевай Маргарытай, саступіўшы ёй востраў Готланд. Дапамагаў вял. князю літоўскаму Вітаўту ў вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1406—08, спадзеючыся разарваць ці аслабіць унію ВКЛ і Польшчы. Аднак Вітаўт разарваў саюз з крыжакамі, паразумеўшыся з польскім каралём Ягайлам адносна супольнай палітыкі ў адносінах да Тэўтонскага ордэна. У 1409 Вітаўт і Ягайла выпрацавалі агульны план вызваленне Жамойці з-пад крыжацкага панавання, садзейнічалі разгортванню там антыкрыжацкага паўстання. Польскае пасольства ў жн. 1409 заявіла крыжакам, што дапаможа ВКЛ у выпадку нападзення на яго. У гэтых умовах кіраўніцтва Тэўтонскага ордэна вырашыла ўдарыць па Польшчы. Пачалася Вялікая вайна 1409—11. У 1409 яна вялася ў асноўным у прыгранічных абласцях. Вырашальнай стала Грунвальдская бітва 1410, у якой крыжацкім войскам камандаваў У.ф.Ю. На заключным этапе бітвы У.ф.Ю. асабіста ўзначаліў выправу 16 крыжацкіх харугваў на польскія пазіцыі, аднак напад быў адбіты польска-ліцвінскімі вайкамі, а сам вял. магістр загінуў. Пасля бітвы па загаду Ягайлы цела У.ф.Ю. было адшукана і адаслана ў Малбарк, дзе пахавана ў капліцы св. Ганны.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне