Артыкулы: Ульяна Аляксандраўна
Ульяна Аляксандраўна (?—вясна 1392), вялікая княгіня літоўская, другая жонка Альгерда. Дачка вял. князя цвярскога Аляксандра Міхайлавіча (1300—39). Пасля смерці бацькі выхоўвалася пры двары маскоўскага вял. князя Сямёна Іванавіча, які быў жанаты на яе сястры. У 1349/50 або 1350/51 Альгерд накіраваў паслоў да Сямёна Іванавіча прасіць рукі У.А. Пасля рады з мітрапалітам Феагностам Сямён Іванавіч даў згоду, разлічваючы ўплываць на палітыку ВКЛ і ўскосна кантраляваць Цвярское вял. княства. Мяркуецца, што У.А. падтрымала свайго брата Міхаіла, калі той у 1368 збег у ВКЛ пасля нападу на Цвер маскоўскага вял. князя Дзмітрыя Іванавіча. Альгерд выступіў на баку Міхаіла, і пачалася вайна Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай 1368—72. У шлюбе з Альгердам У.А. нарадзіла сыноў Ягайлу, Скіргайлу, Свідрыгайлу, Карыбута, Карыгайлу, Лугвена, Мінігайлу. Пасля смерці мужа і заняцця трона Ягайлам (1377) У.А. атрымала як удовіна забеспячэнне Віцебскае княства. Вяла перагаворы з маскоўскім вял. князем Дзмітрыем Іванавічам аб жаніцьбе яго дачкі з Ягайлам і прыняцці Літвой праваслаўя. Гэты план не быў ажыццёўлены, пасля была заключана Крэўская унія 1385, якая прадугледжвала хрышчэнне Літвы паводле каталіцкага абраду. У ВКЛ У.А. падтрымлівала правасл. царкву, рабіла наданні цэрквам і манастырам.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне