Артыкулы: унія дзяржаўная

унія дзяржаўная (ад позналац. unio аб’яднанне, адзінства), аб’яднанне, саюз дзяржаў. Адрозніваюць асабістую (персанальную) У.д. — саюз дзяржаў пад уладай аднаго манарха пры захаванні імі пэўнай самастойнасці ва ўнутранай і знешняй палітыцы і рэальную У.д. — стварэнне на падставе дагавора або аднабаковага акта федэрацыйнай або канфедэрацыйнай дзяржавы з адзінымі органамі вышэйшай улады і кіравання, арміяй, унутранай і знешняй палітыкай. ВКЛ на працягу некалькіх стагоддзяў знаходзілася ва У.д. з Польскім каралеўствам. Упершыню пра дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай абвешчана актам вял. кн. літоўскага Ягайлы 14.8.1385 — Крэўская унія 1385. Ягайла шляхам жаніцьбы з польскай каралевай Ядвігай станавіўся каралём польскім і абяцаў «землі свае літоўскія і рускія да кароны Польскага каралеўства навечна далучыць». Але інкарпарацыя ВКЛ у Польскае каралеўства сустрэла моцнае супрацьдзеянне князёў і баярства ВКЛ. У выніку барацьбы за ўладу ў ВКЛ, якую вёў кн. Вітаўт, Ягайла быў вымушаны пайсці на падпісанне Востраўскага пагаднення 1392 і прызначыць Вітаўта пажыццёвым каралеўскім намеснікам у вял. княстве, фактычным кіраўніком ВКЛ. Курс Вітаўта на аднаўленне поўнай самастойнасці дзяржавы знайшоў адлюстраванне ў Салінскім дагаворы 1398 ВКЛ з Нямецкім ордэнам. Пасля паражэння ў бітве на Ворскле 1399 Вітаўт вымушаны аднавіць дзярж. саюз з Польшчай. Была заключана Віленска-Радамская унія 1401, якая садзейнічала перамозе ВКЛ і Польшчы над Нямецкім ордэнам у Грунвальдскай бітве 1410. Сувязь 2 дзяржаў была ўмацавана Гарадзельскай уніяй 1413. У акце Ягайлы ён тытулуецца вярхоўным князем ВКЛ, а Вітаўт — вял. князем ВКЛ; было паўторана палажэнне пра далучэнне (інкарпарацыю) Літвы. Статус ВКЛ як саюзнай Польшчы дзяржавы быў пацверджаны пры заключэнні Гарадзенска-Троцкай уніі 1432—33 Ягайлам і новым вял. князем літоўскім Жыгімонтам Кейстутавічам, які вызначыўся як пажыццёвы няспадчынны манарх ВКЛ — васал польскай кароны. Персанальная У.д. ВКЛ і Польшчы як раўнапраўных дзяржаў заключана ў Берасці 17 і 19.9.1446. Паводле гэтага дагавора вял. князь літоўскі Казімір станавіўся польскім каралём, абвяшчалася: «Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае… у адной братняй уніі зліваем, злучаем і далучаем». Персанальная У.д. спыніла існаванне са смерцю Казіміра ў 1492 і абраннем на трон у Польшчы Яна Ольбрахта, а ў ВКЛ Аляксандра. Адноўлена са смерцю Яна Ольбрахта і абраннем Аляксандра на польскі прастол у 1501. На Пётркаўскім сойме 1501 паслы Польшчы і ВКЛ абмяняліся граматамі, дзе былі вызначаны новыя ўмовы У.д. Дзве дзяржавы меркавалася злучыць «у адно непадзельнае і без розніц цела, каб быў адзіны народ, адзіны люд, адзінае брацтва і супольныя рады, а цела то каб мела адну галаву, адзінага караля і адзінага пана». Умовы У.д. пацверджаны Аляксандрам пры заключэнні Мельніцкай уніі 1501, але яна не была санкцыянавана соймам ВКЛ і не набыла сілы. Злучэнне Польшчы і ВКЛ у адну дзяржаву прадугледжвала Люблінская унія 1569, калі была ўтворана Рэч Паспалітая. У 1655 частка шляхты ВКЛ спрабавала разарваць саюз з Польшчай і заключыць У.д. са Швецыяй (гл. Кейданская унія 1655), але Рэч Паспалітая пратрывала да яе падзелаў у канцы 18 ст.

Літаратура:

Halecki O. Dzieje unii jagiellońskiej. T. 1—2. Kraków, 1919—20;

Bardach J. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV—XVII w. Warszawa, 1970;

Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991;

Wyrozumski J. Formowanie się politycznej i ustrojowej współnoty polsko-litewskiej w latach 1385—1501 // Czasopismo Prawno-Historyczne. 1993. Т. 45, z. 1—2.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.