Артыкулы: Бадзянскi (Бодянский) Восiп Максiмавiч

Бадзянскi (Бодянский) Восiп Максiмавiч [13(25).11.1808, мяст. Варва Палтаўскай губ. (цяпер горад, цэнтр Варвінскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна—19.9(1.10).1877], украінскі і расійскі фiлолаг, гiсторык. Скончыў Маскоўскi ун-т (1834). В 1837 абараніў магістэрскую дысертацыю «Пра народную паэзію славянскіх плямён», у 1855 — доктарскую дысертацыю «Пра час паходжання славянскіх пісьмёнаў». У 1837—42 наведаў шмат славянскіх краін, займаўся пад кіраўніцтвам чэшскага славіста П.Шафарыка. У 1842—48 і 1849—68 праф. кафедры гісторыі і літартуры славянскіх народаў. Маскоўскага ун-та. У 1845—48 і 1858—77 сакратар Імператарскага таварыства гiсторыi i старажытнасцей расiйскiх пры Маскоўскім ун-це, рэдактар часопіса «Чтения в Императорском обществе истории и древностей российских при Московском университете», дзе надрукаваў шмат гістарычных крыніц, у т.л. па гісторыі ВКЛ («Аповесць пра прыход літоўскага караля Сцяпана на вялікі і слаўны горад Пскоў», «Праекты аб скасаванні грэка-расійскага веравызнання ў захопленых Польшчай у Расіі абласцях», судовая позва С.Лавейку 1591, ліст мітрапаліта Ісідора да ўладаў г. Холм 1440, ліст Пятра І да канцлера ВКЛ К.С.Радзівіла 1706, «Размова аднаго паляка з масквой на замку Маскоўскім у 1601 г.» Г.Пельгрымоўскага (урывак), «Пра Пятра Мядзведку, маскаля, казка, года 1607 у студзені», польская «Песня пра Маскву ў 1609 г.», умовы Жыгімонта III Ілжэдзмітрыю 1605; журнал ваенных дзеянняў П.М.Крачэтнікава ў Рэчы Паспалітай у 1767—68). Заклаў падмурак рас. славяназнаўства. Займаўся праблемамi старажытнай славянскай пiсьменнасцi, вуснай народнай творчасцi, паходжання славян i iх мовы. Збiраў бел. нар. песнi, даследаваў мову «Бiблii» Ф.Скарыны, бел. ананiмную паэму «Энеiда навыварат». Адкрыў бел. паходжання Пазнанскi рукапiс, у якiм змешчаны летапіс Рачынскага, «Гiсторыя пра Атылу», «Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана» і апублікаваў іх. Прапанаваў называць беларуска-літоўскія летапісы «беларускімі пра Вялікае княства Літоўскае». Пераклаў з польскай мовы працы Дзяніса Зубрыцкага, аб’яднаныя ў зборніку «Критико-историческая повесть временных лет Червонной или Галицкой Руси» (Масква, 1845).

Творы:

О поисках моих в Познанской публичной библиотеке // Чтения в Императорском обществе истории и древностей российских. 1846. № 1.;

Выдержки из дневника О.М.Бодянского // Сб. Общества любителей российской словесности на 1891 год. М., 1891;

Дневник 1852—1857. М., 2006.

Лiтаратура:

Срезневский И.И. На память о Бодянском, Григоровиче и Прейсе, первых преподавателях славянской филологии. СПб., 1878;

Пичета В. К истории славяноведения в СССР // Историк-марксист. 1941. Кн. 3;

Кондрашов Н.А. Осип Максимович Бодянский. М., 1956 (змешчана бібліяграфія прац Б.).

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.